Францішак прыняў афіцыйную дэлегацыю з В’етнама

18 студзеня 2024 года Ватыкан наведала дэлегацыя Камуністычнай партыі В’етнама. Пасля аўдыенцыі ў Папы з яе членамі сустрэліся кардынал П’етра Паралін і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі назваў падзею “пазітыўнай сустрэчай”. У размове з журналістамі, якая прайшла ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы, іерарх выказваў пажаданне, каб яна паслужыла на карысць каталіцкай супольнасці ў В’етнаме.

Гаворка ідзе пра чарговы крок у двухбаковых адносінах. У снежні 2023 года быў прызначаны папскі прадстаўнік з пражываннем у Ханоі, Апостальскі нунцый у Сінгапуры, арцыбіскуп Марэк Залеўскі. Пагадненне аб яго статусе і статусе яго рэзідэнцыі было дасягнута па выніках 10-га пасяджэння Сумеснай рабочай групы паміж В’етнамам і Апостальскай Сталіцай, якое прайшло 31 сакавіка. Дамова была заключана ў ліпені, падчас візіту ў Ватыкан Прэзідэнта В’етнама Во Ван Тхыонга.

Арцыбіскуп Галахер абвясціў, што ў красавіку 2024 года ён здзейсніць візіт у В’етнам, а затым, да канца года, гэту краіну наведае кардынал П’етра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. “Мы будзем рабіць усё паступова”, - сказаў ён, адказваючы на пытанне журналіста і выказваючы аптымістычны прагноз адносна магчымасці будучага падарожжа Святога Айца.

“Так, я думаю, што яно адбудзецца. Але спачатку трэба будзе зрабіць яшчэ некалькі неабходных крокаў. Я лічу, што Папа мае жаданне паехаць, безумоўна каталіцкая супольнасць вельмі хоча, каб прыехаў Папа і я думаю, што гэта было б цудоўнае пасланне для ўсяго рэгіёну”, - сказаў арцыбіскуп Галахер.
 

18 студзеня 2024, 16:19