Кардынал Тарксан: бізнес павінен спрыяць эканамічнай салідарнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сусветныя лідары павінны ўжываць трансфармацыйны падыход да эканомікі, каб людзі, якія сутыкаюцца з эканамічнымі цяжкасцямі, маглі вырвацца з пасткі беднасці. Гэты аспект паслання Францішка да ўдзельнікаў форума ў швейцарскім Давосе падкрэсліў канцлер Папскай акадэміі навук. Кардынал Тарксан нагадаў, што бізнес павінен уносіць уклад у грамадства, а не толькі клапаціцца пра максімізацыю ўласнага прыбытку.
Іерарх зазначыў, што кампаніі павінны ўзгадняць свае бізнес-мэты з каштоўнасцямі, якія прыносяць карысць грамадству і агульнаму дабру. Ён заклікаў прадпрыемствы засяродзіць увагу не на максімізацыі прыбытку, а на аптымізацыі, якая б улічвала больш шырокі ўплыў эканамічнай дзейнасці на грамадства і жыццё людзей.
Мэтамі вядзення бізнесу павінны быць не толькі прыбытак і грашовая выгада, але і трансфармацыйная каштоўнасць, якую ён прыносіць грамадству, робячы яго лепшым, годным, справядлівым і інклюзіўным, - лічыць кардынал Тарксан.
"Я па-ранейшаму з аптымізмам гляджу на патэнцыял пазітыўных пераўтварэнняў", - адзначыў іерарх, дадаючы, што змены ў дзелавым свеце адбываюцца павольна і паступова.
У заключэнне кардынал Тарксан заклікаў удзельнікаў форума шукаць новыя шляхі развіцця, якія маглі б прывесці да больш устойлівай і справядлівай будучыні.