Пантыфік і кардынал Піцабала абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кардынал П'ербатыста Піцабала сустрэўся з Святым Айцом 15 студзеня 2024 года падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Францішканскага інстытута біблейскіх даследванняў (Studium Biblicum Franciscanum), які дзейнічае ў Іерусаліме.
У размове з журналістамі пасля аўдыенцыі ён паведаміў, што яны абмеркавалі "гуманітарную сітуацыю хрысціянскай супольнасці ў Газе і ў Святой Зямлі ў цэлым", а таксама ход дыялогу ў рэгіёне і перспектывы ўстанаўлення міру.
Хрысціянская супольнасць Газы
Па словах іерарха, хрысціяне Газы "жывуць у той жа сітуацыі, што і ўсе астатнія". "Яны не з'яўляюцца асобным народам", "тое, што адбываецца з хрысціянамі, - гэта свайго роду лакмусавая паперка цяжкасцяў, з якімі сутыкаецца ўсё насельніцтва", - сказаў ён.
"Нялёгка, нават для хрысціян, знаходзіцца ў сітуацыі вялікага падзелу, калі чакаецца, што кожны прыме чый-небудзь бок", - заўважыў кардынал.
Ён дадаў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з каталіцкай парафіяй Газы на поўначы сектара, дзе цяпер менш баявых дзеянняў.
"Сітуацыя адносна спакойная. Ваенныя аперацыі прасунуліся далей на поўдзень, але ў гэтым раёне больш нічога няма: няма дамоў, няма вады, няма электрычнасці, нічога няма. Гэта сітуацыя крайняй галечы. І там няма ніякіх устаноў", - сказаў патрыярх Піцабала.
Іарданія ў якасці асновы для гуманітарнай місіі
Кардынал Піцабала прыбыў у Італію з Іарданіі, дзе знаходзіўся на мінулым тыдні.
"Сітуацыя ў Іарданіі складаная, але я павінен сказаць, што гэта адзіная стабільная краіна як з палітычнага, так і з гуманітарнага пункту гледжання. Калі нам трэба дастаўляць гуманітарную дапамогу ў Газу, наш адрас – іарданскі каралеўскі дом", - растлумачыў іерарх.
Патрыярх паведаміў, што размаўляў з каралём Абдалой, іарданскім урадам і рознымі інстытутамі, каб зразумець, ці захоўваюцца “каналы сувязі з Газай, а таксама з тымі нешматлікімі ўладамі, якія там засталіся".
Іарданія на дадзены момант з'яўляецца "найбольш стабільнай кропкай адліку" для Касцёла, але "існуе супрацоўніцтва, мінімальнае супрацоўніцтва, таксама з гуманітарнымі арганізацыямі і з Егіптам".
Дыялог павінен працягвацца
Па словах кардынала Піцабалы, пошук шляхоў да спынення вайны ў Газе – нялёгкі.
"Трэба разважаць паэтапна. Неадкладнага рашэння не будзе. Цяпер важна знайсці каналы сувязі паміж двума бакамі. Паміж Ізраілем і ХАМАС", - сказаў ён.
Каталіцкі Касцёл працягне працаваць дзеля дасягнення гэтай мэты, - дадаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.