Падчас адкрыцця лазнева-пральнага комплексу для бедных у цэнтры Неапаля Падчас адкрыцця лазнева-пральнага комплексу для бедных у цэнтры Неапаля 

Папа ініцыяваў адкрыццё лазні і пральні для бедных у Неапалі

“Міласэрнасць становіцца бачнай і адчувальнай у канкрэтных справах”, - сказаў кардынал Конрад Краеўскі на ўрачыстым адкрыцці лазні і пральні для бедных у Неапалі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля Рыма, Генуі і Турына гэта яшчэ адзін папскі праект, накіраваны на дапамогу бедным сем'ям і бяздомным. За яго рэалізацыю адказвае Супольнасць святога Эгідзія, фінансы на закупку пральнага парашку і сродкаў асабістай гігіены паступаюць ад Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.

“Францішак без лішніх слоў паказвае, як можна дапамагаць бяздомным і патрабуючым”, - сказаў Vatican News папскі элемазінарый. Ён адзначыў, што лазнева-пральны комплекс пабудаваны ў самым цэнтры Неапаля, у адным з самых складаных раёнаў. У гэтым горадзе пражывае каля 2 тысяч бяздомных. Цяпер яны змогуць не толькі памыцца, але і бясплатна пасціраць і высушыць вопратку, коўдры і іншыя неабходныя рэчы. “Мы нават не ўсведамляем, наколькі гэты праект служыць аднаўленню чалавечай годнасці”, - сказаў кардынал Краеўскі.

Сродкі на папскія справы міласэрнасці можна ахвяраваць праз адмысловую форму на сайце Апостальскай элемазінарыі.
 

13 студзеня 2024, 12:23