Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса 

Кардынал Сэмерара: святая Тэрэза з Лізьё нясе пасланне надзеі чалавецтву

Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса – жанчына надзеі, - сказаў кардынал Марчэла Сэмерара на завяршэнне юбілею, які праходзіў з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння і 100-годдзя з дня беатыфікацыі славутай французскай святой.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па справах кананізацыі здзейсніў візіт на радзіму святой Тэрэзы – у французскі горад Лізьё на поўначы Францыі. Там ён узначаліў урачыстую літургічную цэлебрацыю на завяршэнне юбілею, якая прайшла 7 студзеня 2024 года, на наступны дзень пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана.

У гаміліі іерарх спаслаўся на евангельскую гісторыю пра трох мудрацоў, якія прыйшлі з Усходу ў Бэтлеем, каб пакланіцца Дзіцятку Езусу. Яны прыбылі з самых краёў зямлі, каб ушанаваць нованароджанага караля Юдэі, і, адкрыўшы свае скарбонкі, прынеслі яму свае містычныя дары.

Вучні Езуса, наадварот, пакліканы скіравацца да краёў зямлі, каб несці ўсім дар новага жыцця і навіну пра Бога, які стаў блізкім. Таксама і святая Тэрэза прысвяціла сваё жыццё набліжэнню да Пана, але яе місія пашырылася аж да краёў зямлі, - заўважыў кардынал Сэмерара, нагадваючы, што святая з’яўляецца апякункай місіянераў, бо шмат малілася за іх.

Іерарх нагадаў таксама пра любоў святой да зорак, у якія яна часта ўглядалася ў маленстве. Аднойчы Тэрэза ўбачыла, як гэтыя маленькія “залатыя жамчужаны” быццам утварылі сузор’е ў выглядзе літары “Т”, з чаго зразумела, што яе імя запісана ў небе. У гэтым яна знайшла пацвярджэнне евангельскіх слоў: “Імёны вашыя запісаны ў нябёсах” (Лк 10,20), якія з’яўляюцца крыніцай хрысціянскай радасці і даверу, - адзначыў кардынал Сэмерара.

Упеўненасць у любові Бога да яе і да кожнага чалавека, суправаджала ўвесь жыццёвы шлях святой Тэрэзы, - дадаў прэфект, нагадваючы словы Папы Францішка з нядаўняй Апостальскай адгартацыі, прысвечанай святой: “Перамена, якая адбылася ў ёй, дазволіла перайсці ад гарачага прагнення Неба да пастаяннага і гарачага жадання дабра для ўсіх, кульмінацыяй якога стала мара працягваць у Небе сваю місію любові да Езуса і рабіць Яго ўсімі любімым” (43).

На думку кардынала, святая Тэрэза з Лізьё з’яўляецца жанчынай надзеі, і яе пасланне застаецца актуальным у кантэксце Юбілею 2025 года, які хутка пачнецца ў Касцёле і пройдзе пад дэвізам: Пілігрымы надзеі. Гэта пасланне з’яўляецца вельмі актуальным у час вялікіх пакут для Касцёла і чалавека, - сказаў іерарх, дадаючы, што яно тычыцца ўсіх, бо святая Тэрэзе зразумела не толькі тое, што яе імя запісана ў нябёсах, але таксама, што “на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння”.
 

09 студзеня 2024, 12:04