Пачынаецца рэстаўрацыя балдахіна ў базіліцы святога Пятра
Марыя Валодзіна - Vatican News
11 студзеня 2024 года ў Ватыкане прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная рэстаўрацыі балдахіна над галоўным алтаром базілікі святога Пятра.
Па словах архіпрэзбітэра храма, кардынала Маўра Гамбэці, рэстаўрацыя мае вялікае сімвалічнае значэнне, паколькі балдахін адзначае месца пахавання апостала Пятра. Сюды на працягу амаль двух тысяч гадоў сцякаецца незлічоная колькасць людзей з усіх канцоў свету.
10 месяцаў рэстаўрацыі
Рашэнне аб правядзенні гэтай “складанай і неабходнай” рэстаўрацыі шэдэўра Берніні было прынята ў сувязі з надыходзячым Юбілеем 2025 года. Плануецца, што праца распачнецца ў лютым 2024 года і будзе завершана ў снежні, перад адкрыццём Святой брамы.
Рэстаўрацыя прымеркавана таксама да 400-годдзя асвячэння ватыканскай базілікі, якое адбылося 18 лістапада 1626 года пры Урбане VIII. Менавіта гэты Папа даручыў стварыць балдахін свайму даверанаму архітэктару і скульптару Джанларэнца Берніні. З ім супрацоўнічаў таленавіты творца Франчэска Бараміні, а таксама вялікая група скульптараў, ліцейшчыкаў, цесляроў і спецыялізаваных рабочых. Праца над балдахінам доўжылася дзесяць гадоў. Ён быў задуманы ў форме покрыва з каштоўных тканін, якія выкарыстоўваліся для ўрачыстай дэманстрацыі рэліквій. Яго верх падтрымліваюць чатыры гіганцкія вітыя бронзавыя калоны. Назва балдахін паходзіць ад слова Baldác – так у тагачасным Рыме называлі Багдад, адкуль прывозілі тканіны.
Мэта рэстаўрацыі
Асноўная мэта рэстаўрацыі – захаваць шэдэўр барочнага мастацтва, стан якога пагоршыўся. Апошняя буйная рэстаўрацыя балдахіна датуецца XVIII стагоддзем, з таго часу прайшло больш за 250 гадоў, - нагадаў кардынал Гамбэці.
Рэстаўрацыйныя работы не паўплываюць на правядзенне цэлебрацый: Святая Імша будзе па-ранейшаму праходзіць ля галоўнага алтара базілікі.
Гігант мастацтва і архітэктуры
Складанасць працы абумоўлена, па-першае, тым, што “мы маем справу з гігантам”. Балдахін – гэта гігант мастацтва ўсіх часоў і народаў, але таксама і гігант па форме і памеры: яго дакладная вышыня складае 28,74 метра, агульная вага – 63 тоны.
Асобныя часткі балдахіна таксама маюць уражлівыя памеры: вышыня чатырох мармуровых пліт, на якіх устаноўлены калоны, складае 2,6 метра. Чатыры бронзавыя калоны ў вышыню дасягаюць 11,32 метра, кожная з іх важыць больш за 9 тон. 4-метровыя скульптуры чатырох анёлаў важаць 2,5 тоны кожная. Вышыня крыжа складае 2,2 метра.
Па-другое, помнік створаны з выкарыстаннем розных матэрыялаў: паліраванай і пазалочанай бронзы, медзі, дрэва, жалеза, цэглы, бетона і іншых. Таму яго рэстаўрацыя патрабуе глыбокага навуковага даследавання і адмысловых тэхналогій.
Сродкі на правядзенне рэстаўрацыі ў памеры сямісот тысяч еўра выдзеліў Ордэн Рыцараў Калумба.