Ватыканскі эксперт: прадухіленне насілля ў Касцёле – заданне на гады
Ян Глінскі
Падсумоўваючы пяць гадоў працы пасля сустрэчы па абароне непаўналетніх у Касцёле, якая праходзіла у Ватыкане, нямецкі іезуіт адзначыў, што ўвядзенне законаў неабавязкова вядзе да паўсюдных і неадкладных зменаў: “Гэта заданне для пакаленняў, якое не атрымаецца рэалізаваць хутка”.
“У Касцёле перш за ўсё ёсць праблема з манітараваннем, гэта значыць з праверкай, ці выконваецца гэты закон, а калі не выконваецца, то з накладаннем санкцый, – патлумачыў ксёндз Цольнэр у інтэрв’ю, апублікаваным на партале katholisch.de. – У многіх кутках свету мы яшчэ не дасягнулі кропкі, у якой гэта разумеецца паўсюдна і прымяняецца аналагічна”.
Як падкрэсліў святар, недастаткова вынесці праблему насілля на важнае месца, “гэта павінна быць праблема, аб якой мы молімся, дыскутуем і разам з пацярпелымі шукаем шляхі да быцця Касцёлам”. Ватыканскі эксперт нагадаў, што ў пэўнай меры кожны ахрышчаны нясе адказнасць за бяспечнае грамадства і Касцёл.
Пяць гадоў таму Папа Францішак запрасіў на некалькідзённую сустрэчу ў Ватыкане старшынь усіх біскупскіх канферэнцый, мноства манаскіх настаяцеляў і кіраўнікоў курый. “Падчас канферэнцыі мы сабралі сапраўды шмат канкрэтных і важных пунктаў”, – прыгадаў кіраўнік Цэнтра абароны непаўналетніх Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме і адзін з галоўных арганізатараў таго касцёльнага саміту.
Ксёндз Ханс Цольнэр, 57-гадовы іезуіт і псіхатэрапеўт, з’яўляецца адным з галоўных ватыканскіх экспертаў у барацьбе з сексуальнымі злачынствамі. Быў членам Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, з якой выйшаў у 2023 годзе “з прычыны яе непразрыстасці”. У Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме з’яўляецца кіраўніком Інстытута Антрапалогіі, у якім займаюцца выпадкамі сексуальнага злоўжывання з навуковага пункту гледжання.