Канталамеса да Рымскай курыі: балючыя сітуацыі – шлях асвячэння

“Я – хлеб жыцця”, - гэтыя словы Езуса Хрыста сталі тэмай першага велікапоснага казання кардынала Раньера Канталамесы. Іерархі і супрацоўнікі Рымскай курыі выслухалі яго раніцай 23 лютага 2024 года ў Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прапаведнік Папскага дома нагадаў, што пасля цуду памнажэння хлябоў Езус заклікаў вучняў шукаць не толькі матэрыяльны хлеб, але таксама іншы – хлеб жыцця, якім, насамрэч, з’яўляецца Ён сам. Гэты хлеб, згодна з вучэннем Айцоў Касцёла, мы спажываем у сакрамэнтах і слове, што значыць у Эўхарыстыі і Святым Пісанні.

Кардынал Канталамеса заўважыў, што Хрыстус стаў хлебам жыцця для нас дзякуючы сваёй смерці і ўваскрасенню, згодна з евангельскімі словамі пра зерне пшаніцы, якое памірае ў зямлі, каб прынесці багатыя плады. “Мы павінны паспрабаваць убачыць, што гэтыя вобразы значаць для нас. Насамрэч, праз вобраз зерня пшаніцы Езус не толькі ўказвае на свой асабісты лёс, але і на лёс кожнага сапраўднага вучня”, - падкрэсліў іерарх.

Капуцын спаслаўся на словы святога Інгацыя Антыяхійскага, які перад сваім мучаніцтвам прасіў дазволіць яму стаць спажыткам для дзікіх звяроў, праз якіх зможа дасягнуць Бога. Але перад тым як трапіць у вострыя зубы леапардаў, ён спазнаў таксама “зубы” людзей. “Кожны з нас мае ў сваім асяроддзі такія зубы дзікіх звяроў, якія точаць нас. Святы Аўгусцін казаў, што мы, людзі, з’яўляемся “глінянымі начыннямі, якія раняць адно аднаго”: lutea vasa quae faciunt invicem angustias. Мы павінны навучыцца ператвараць такія сітуацыі ў сродак асвячэння, а не агрубення сэрца, азлобленасці і наракання!”, - заахвоціў іерарх.

Прапаведнік нагадаў, што адно з правіл манаскіх ордэнаў кажа, што “жыццё ў супольнасці – адно з самых моцных умярцвенняў”. Гэта правіла актуальнае не толькі для законнікаў, але для ўсіх людзей, асабліва для тых, хто жыве ў сужэнстве і вымушаны лічыцца з жаданнямі, характарам, адчувальнасцю і асаблівасцямі іншага чалавека.

“Аднак мы знаходзімся тут у кантэксце Курыі, якая не з’яўляецца манаскай або сужэнскай супольнасцю, але супольнасцю касцёльнага служэння і працы”, - сказаў кардынал, звяртаючы ўвагу на існаванне мноства “магчымасцей, якія нельга змарнаваць”, калі мы таксама хочам быць “перамолатымі, каб стаць Божай мукой”. “Кожны павінен вызначыць і асвяціць тую, што прапануецца яму на месцы яго служэння. Я назаву толькі адну ці дзве, якія, на мой погляд, падыходзяць для ўсіх”, - сказаў іерарх.

Першая магчымасць, па словах капуцына, гэта “змірыцца з аспрэчваннямі, адмовіцца ад апраўдання і жадання заўсёды мець рацыю, калі гэтага не патрабуе важнасць справы”. Іншая – цярпліва адносіцца да іншага, чый “характар, манера размовы ці паводзіны дзейнічаюць нам на нервы, і рабіць гэта, не раздражняючы сябе ўнутрана, але памятаючы, што мы таксама, магчыма, з’яўляемся для кагосьці такім чалавекам”.

“На жаль, сёння ў грамадстве ёсць зубы, якія скрыгочуць без літасці, больш жорстка, чым зубы леапарда, пра якія казаў мучанік Ігнацый. Гэта зубы СМІ і так званых сацыяльных сетак. Не тады, калі яны паказваюць скажэнні грамадства ці Касцёла (у гэтым яны заслугоўваюць усялякай павагі і шанавання!), але калі нападаюць на кагосьці з прадузятасці, проста таму, што ён не на іх баку: са злым намерам, дэструктыўнымі, а не канструктыўнымі. Бедны той, хто сёння трапляе ў гэтую мясарубку, незалежна ад таго ці свецкі гэта чалавек, ці прадстаўнік духавенства”, - сказаў кардынал.

Прапаведнік перакананы, што “ў такім выпадку законна і неабходна адстойваць свае аргументы на адпаведных пляцоўках, а калі гэта немагчыма, або выглядае бескарысным, то верніку застаецца толькі далучыцца да Хрыста бічаванага, увянчанага цернямі і апляванага”.

“Гэта, мякка кажучы, складаная і балючая сітуацыя, асабліва калі здараецца у сваёй натуральнай або манаскай сям’і, але ласка Божая можа зрабіць – і часта рабіла – усё гэта магчымасцю для ачышчэння і асвячэння. Гаворка ідзе пра тое, каб верыць, што ў рэшце рэшт, як гэта адбылося з Езусам, праўда пераможа хлусню. І магчыма, лепш пераможа маўчаннем, чым самай агрэсіўнай самаабаронай”, - сказаў кардынал Канталамеса іерархам і супрацоўнікам Рымскай курыі, падкрэсліваючы таксама, што канчатковая мэта таго, каб даць сябе “зжаваць”, мае не аскетычную прыроду, а містычную – гэта служыць не столькі для ўласнага умярцвення, колькі для стварэння камуніі.
 

23 лютага 2024, 10:45