Кардынал Кох: копцкія мучанікі – сведкі веры таксама і для Касцёла
Марыя Валодзіна - Vatican News
15 лютага 2015 года тэрарысты з групоўкі Ісламская дзяржава выкралі 21 чалавека, якія эмігравалі ў Лівію ў пошуку працы. Сярод якіх былі 20 егіпецкіх коптаў і адзін грамадзянін Ганы. Апошні не быў хрысціянінам, але калі яго прымушалі адрачыся ад Хрыста, адказаў: “Іх Бог – мой Бог”. Вернікаў жорстка забілі на ўзбярэжжы ў Сірце.
11 мая 2023 года Францішак уключыў іх у Рымскі мартыралог.
Экуменічная малітва прайшла ў базіліцы святога Пятра ў дзявятую гадавіну смерці копцкіх мучанікаў. Гэта быў іх першы ўспамін у літургіі Каталіцкага Касцёла. З гэтай нагоды ў базіліку былі прынесеныя рэліквіі дваццаці аднаго мучаніка, перададзеныя Францішку Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам II. Спевы выканаў Копцкі праваслаўны хор царквы святога Георгія ў Рыме.
Як адзначыў у гаміліі кардынал Курт Кох, мучанікі не з'яўляюцца для Касцёла “маргінальнай з'явай, але складаюць яго фундаментальны цэнтр”. Ён нагадаў евангельскія словы Езуса: “Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць” (Ян 15, 20). Сведчанне мучанікаў "неаднаразова выяўлялася на працягу ўсёй гісторыі Касцёла", а таксама і ў сучасным свеце, дзе нават больш пакутнікаў, чым у часы ганенняў у першыя стагоддзі хрысціянства". Сёння 80% тых, каго пераследуюць з-за веры, з'яўляюцца хрысціянамі. “Такім чынам, у наш час хрысціянская вера з'яўляецца самай пераследуемай рэлігіяй”, - адзначыў іерарх.
Па словах кардынала Коха, Езус – першы мучанік і ўзор пакутніцтва для ўсіх хрысціян. Як Хрыстус цалкам падпарадкаваўся волі Айца і аддаў за нас сваё жыццё на крыжы, так і хрысціянскі мучанік не шукае пакутніцтва, але прымае непазбежнае мучаніцтва, застаючыся верным сваёй веры, - падкрэсліў кардынал Кох.
Францішак "заўсёды лічыў сведчанне копцкіх праваслаўных мучанікаў вельмі важным" і ўключыў іх у Рымскі мартыралог у "знак духоўных зносін, якія аб'ядноўваюць нашы Цэрквы". Тым самым ён жадаў паказаць, што копцкія мучанікі "з'яўляюцца сведкамі веры і ў Каталіцкім Касцёле, што яны таксама з'яўляюцца нашымі мучанікамі", - заключыў кардынал Кох.
Пасля малітвы ў ватыканскай фільматэцы прайшоў паказ дакументальнага фільма The 21: The Power of Faith – 21: Моц веры. Ён быў зняты на радзіме мучанікаў пад патранатам Тавадраса ІІ. Пасля паказу фільма адбылося абмеркаванне ўзнятых у ім пытанняў з удзелам кардынала Коха, прадстаўнікоў Копцкай Праваслаўнай Царквы і рэжысёра фільма Самуэля Армніуса.