Кардынал Мендонса: паэт пакліканы сведчыць пра драму чалавецтва
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэзентацыя прайшла ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане. Выданне ўтрымлівае ў сябе вершы кардынала, якія публікаваліся па-партугальску ў яго кнігах Белая дарога (A Estrada Branca) і Тэорыя мяжы (Teoria dа fronteira), адпаведна ў 2005 і 2017 гадах.
Быць сведкам вялікай драмы чалавецтва, расказваючы пра свой час і даючы голас апошнім – гэта місія, а дакладней пакліканне паэта – фігуры, якая ў нашу эпоху лічыцца “крыху пабочнай” і “нават эксцэнтрычнай”, перакананы кардынал Мендонса.
Іерарх падкрэсліў, што паэзія з’яўляецца “мастацкім жэстам”, здольным услухацца ў разнастайнасць свету і яго вялізарнае шматгалоссе і задумацца пра важныя пытанні нашага штодзённага жыцця.
“Паэзія – гэта практыкаванне ў адказнасці за ўласны час”, бо як казаў Арцюр Рэмбо, “паэт – гэта празорлівец, сведак і таму мае абавязак расказваць”, - нагадаў Прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі. “Паэзія павінна праліваць святло на супярэчнасці, праблемы, галоўныя пытанні свайго часу. Паэты ўсіх эпох рабілі так і я таксама адчуваю гэту адказнасць”, - дадаў ён. Іерарх падкрэсліў, што не лічыць сябе “паэтам-кардыналам”, але “кардыналам, які піша паэзію”, што патрабуе “сапраўднасці і здольнасці прамаўляць да ўсіх”, бо “не існуе паэзіі без гарызонту праўды”.
Жазэ Таленціна дэ Мендонса з’яўляецца адным з найважнейшых сучасных партугальскіх паэтаў. Ён нарадзіўся ў сям’і рыбака на Мадэйры, вырас у Анголе, вярнуўся на радзіму ў 1975 годзе, пасля таго як Партугалія адмовілася ад калоній. У 1990 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і выпусціў першы зборнік паэзіі, распачаўшы такім чынам жыццёвы шлях святара і паэта. З’яўляецца аўтарам дзясяткаў кніг па тэалогіі і паэтычных зборнікаў. З 2011 года – дарадчык Папскай рады па культуры. У 2018 годзе Францішак надаў яму тытул арцыбіскупа і прызначыў архіварыусам і бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёлам, а ў наступным годзе ўключыў у Калегію кардыналаў. З 2022 года – прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі.