Кардынал Паралін: аб’яднаем сілы ў барацьбе з гандлем людзьмі
Ян Глінскі
8 лютага 2024 года адзначаўся Х Міжнародны дзень малітвы і інфармавання аб барацьбе з гандлем людзьмі. Сексуальная эксплуатацыя, прымусовая праца і рабства штогод закранаюць мільёны людзей ва ўсім свеце. Па дадзеных ААН, гэта трэці па прыбытку від незаконнай дзейнасці.
На канец 2023 года Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падлічыла, што 50 мільёнаў чалавек сталі ахвярамі формы эксплуатацыі, якую можна прыраўняць да гандлю людзьмі. Аднымі з першых ахвяраў гэтага злачыннага віду дзейнасці з’яўляюцца мігранты. Ад імя дыпламатыі Святога Пасаду, якая актыўна ўдзельнічае ў барацьбе з гэтым злом, Дзяржсакратар П’етра Паралін заклікаў далучыцца ўсе зацікаўленыя бакі, каб аб’яднаць намаганні.
Па словах кардынала, кожны павінен браць “на сябе сваю долю адказнасці” ў справе спынення гандлю людзьмі. “Мне здаецца, што гэта прынцыповы момант. Акрамя таго, неабходна змяніць погляд на міграцыю: каб гэта быў не толькі негатыўны падыход ці падыктаваны страхам, бо страх ніколі не бывае добрым дарадцам, але каб гэта быў пазітыўны падыход, які ўлічвае ўсе праблемныя моманты і стараецца іх вырашаць. Супольны падыход і пазітыўны падыход”, – падкрэсліў ён.
Дзяржсакратар указаў на фундаментальную ролю дыялогу паміж краінамі не толькі Міжземнамор’я, але і ўсёй Еўропы. “На жаль, краіны, якія мяжуюць з Міжземнамор’ем, часта, так бы мовіць, вымушаны самастойна несці цяжар гэтай з’явы, – працягваў ён. – Таму неабходна, каб сапраўды было супрацоўніцтва з боку ўсіх. Мне гэта здаецца прынцыпова важным”.