Рэстаўрацыя балдахіна ў базіліцы святога Пятра: першыя крокі

Рэстаўрацыя амаль 30-мятровага бронзавага балдахіна над папскім алтаром і магілай апостала Пятра ў ватыканскай базіліцы павінна завяршыцца напрыканцы лістапада 2024 года. Падрыхтоўчыя працы ўжо пачаліся.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Гаворка ідзе пра другую важную рэстаўрацыю балдахіна ад часу яго стварэння ў 1625 годзе, - нагадаў айцец Энца Фартуната падчас прэзентацыі праекта рэстаўрацыйных прац журналістам, якая прайшла 21 лютага 2024 года ў Ватыкане. Францішканін, адказны за камунікацыю ў базіліцы святога Пятра, падкрэсліў, што правядзенне іншых рэстаўрацыйных прац у галоўнай ватыканскай святыні ў бліжэйшы час не плануецца.

Айцец Фартуната адзначыў, што над стварэннем балдахіна разам працавалі два вядомыя скульптары, якія ў жыцці былі сапернікамі і канкурэнтамі: Джанларэнца Берніні і Франчэска Барамініні. “Гэта вельмі цікавая заўвага, якая кажа нам пра тое, што калі працуем разам, у камандзе, атрымліваюцца вось такія шэдэўры”, - дадаў святар.

Законнік звярнуў увагу на важнае значэнне балдахіна, які ўзвышаецца над магілай апостала Пятра і папскім алтаром. “Гэта месца – цэнтр базілікі і можам сказаць, што ўсе адбываецца вакол яго. Адсюль вынікае мастацкая, культурная, сімвалічнай і духоўная важнасць. Тут праходзіць эўхарыстычная цэлебрацыя, тут знаходзіцца Эўхарыстыя – крыніца і вяршыня хрысціянскага жыцця”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што ў сілу згаданых прычын гэта месца павінна мець годны выгляд.

На грандыёзнасць рэстаўрацыйных прац не толькі з гістарычнага і мастацкага пункту гледжання, але таксама з перспектывы памераў балдахіна, звярнуў увагу ў каментары для Vatican News Альберта Капітанучы, італьянскі інжынер, адказны за тэхнічную сферу Фабрыкі святога Пятра. Ён нагадаў, што вышыня балдахіна – ад пастаменту да крыжа на вяршыні – складае каля 30 метраў і адпавядае вышыні дзесяціпавярховага дома.

На цяперашані момант будаўнічыя рыштаванні ўзведзены на дзве трэці іх вышыні і ахопліваюць увесь перыметр. Гаворка ідзе пра саманясучую канструкцыю, устаноўленую на драўляных асновах, якія павінны абараніць пол базілікі ад магчымых пашкоджанняў. Драўлянымі элементамі абаронены таксама алтар і прыступкі, што вядуць да яго. Рыштаванні не дакранаюцца да паверхні балдахіна і ўзводзяцца такім чынам, каб кансктрукцыя не перашкаджала правядзенню літургічных цэлебрацый на папскіх алтары на працягу ўсяго года. Пасля ўстаноўкі будаўнічай канструкцыі будзе праведзены аналіз тых частак паверхні балдахіна, якія не былі даступны на момант падрыхтоўкі праекту рэстаўрацыйных прац.

На працягу бліжэйшых амаль дзесяці месяцаў над рэстаўрацыяй будуць працаваць каля дванаццаці высокакваліфікаваных спецыялістаў. Іх мэта – вярнуць належны выгляд і ззянне золату і бронзе балдахіна.

Альберта Капітанучы зазначыў, што рэстаўрацыя павінна завяршыцца напрыканцы лістападза 2024 года, каб у момант урачыстага адкрыцця Папам Святой брамы ў ватыканскай базіліцы і распачацця Юбілею 2025 года, святыня стала ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці.
 

22 лютага 2024, 10:32