Створаны новы сайт для пілігрымаў у Папскія базілікі
Марыя Валодзіна – Vatican News
Сайт быў створаны групай 16 маладых спецыялістаў у галіне камунікацыі з 10 краін свету, якія ў суправаджэнні экспертаў даследавалі чатыры Папскія базілікі, гледзячы на іх не толькі як на помнікі архітэктуры, але і як на жывое сведчанне веры.
Стваральнікі сайта разлічваюць з яго дапамогай пазнаёміць з святынямі маладую аўдыторыю: "Мы былі кранутыя наведваннем базілік. У кожнага з нас усталявалася глыбокая сувязь, прынамсі, з адной з іх. Некаторыя з нас нават зразумелі нешта сапраўды важнае ў сваім жыцці. Нам бы хацелася, каб наведвальнікі адчулі тое ж самае, але анлайн. Чым лепш мы зможам зразумець, адкуль паходзіць наша вера, тым лепш мы зможам данесці пасланне, каб крануць сэрцы людзей".
Наведвальнікаў сайта вітаюць і запрашаюць "сесці з імі за стол" выявы святых і мастакоў, чыё жыццё і праца пазначылі гэтыя сімвалічныя месцы. Стол – гэта агульная прастора для абмену не толькі ежай, але і поглядамі, гісторыямі, уражаннямі, разважаннямі.
Сваёй цеплынёй, энтузіязмам і любоўю да чатырох Папскіх базілік дзеляцца тыя, хто штодня сустракае там пілігрымаў. Аб святынях і іх мастацкіх шэдэўрах распавядаюць мастацтвазнаўцы, куратары, адказныя за раскопкі і рэстаўрацыю, выкладчыкі, манахі і манахіні.
Сайт Ад турыста да пілігрыма прапануе таксама падкасты, мэта якіх – крок за крокам суправаджаць пілігрыма падчас наведвання рымскіх храмаў, падкрэсліць схаваную прыгажосць Рыма як мэты паломніцтва.
Нарэшце, наведвальнікі сайта маюць магчымасць падзяліцца сваім досведам, пакінуць свае асабістыя сведчанні ў сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #FromTouristToPilgrim.
Дыкастэрыя па камунікацыі спадзяецца, што напярэдадні Юбілею 2025 года досвед наведвання чатырох Папскіх базілік будзе спрыяць адраджэнню апавядальніцтва пра тысячагадовую традыцыю пілігрымкі Ad Limina Apostolorum.