Святы Пасад: патрэбна новая iнклюзіўная фінансавая архітэктура
Марыя Валодзіна - Vatican News
13 лютага 2024 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прыняў удзел у 75-й выканаўчай сесіі Канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД).
Ватыканскі дыпламат заклікаў удзельнікаў Канферэнцыі да супрацоўніцтва над стварэннем "інклюзіўнай і інавацыйнай" міжнароднай фінансавай архітэктуры, адаптаванай да патрэбаў і прыярытэтаў краін, якія развіваюцца, у знак салідарнасці з тымі, хто дзесяцігоддзямі змагаецца з фінансавымі праблемамі.
Арцыбіскуп Балестрэра звярнуўся з заклікам актывізаваць намаганні па ліквідацыі структурных недахопаў глабальнай фінансавай архітэктуры, якія спрыяюць пагаршэнню няроўнасці і пазыковага крызісу. Ён нагадаў аб неабходнасці этычнага падыходу да развіцця і заклікаў служыць інтарэсам народаў і агульнаму дабру. Для гэтага неабходна гарантаваць эфектыўны ўдзел бедных краін у працэсах прыняцця рашэнняў, палегчыць іх доступ да рынкаў, а таксама ўзгадніць экалагічныя прыярытэты з прыярытэтамі развіцця.