Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Арцыбіскуп Галахер здзяйсняе візіт у Іарданію

11-14 сакавіка 2024 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, здзяйсняе візіт у Іарданію.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падарожжа прымеркавана да 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Іарданіяй. У першы дзень візіту папскі дыпламат сустрэўся з каралём Абдалой ІІ і Міністрам замежных спраў Іарданіі Айманам ас-Сафадзі. Затым ён наведае сядзібу Іарданскай хашэміцкай дабрачыннай арганізацыі (JHCO), якая з’яўляецца цэнтрам збору гуманітарнай дапамогі, што адпраўляецца ў Газу. Вечарам іерарх узначаліць святую Імшу з членамі Асамблеі каталіцкіх ардынарыяў Святой Зямлі (AOCTS) і прадстаўнікамі каталіцкіх супольнасцей у Іарданіі. Літургія пройдзе ў касцёле Маці Божай Назарэцкай у Амане.

12 сакавіка арцыбіскуп Галахер сустрэнецца з Асамблеяй каталіцкіх ардынарыяў Святой Зямлі і здзейсніць візіт у каталіцкі Цэнтр прыняцця іракскіх і сірыйскіх бежанцаў у горадзе Мадаба, які з’яўляецца структурай мясцовага Caritas.

13 сакавіка іерарх наведае некаторыя хрысціянскія святыні: месца хросту Езуса Хрыста, гару Нэбо, адкуль Бог паказаў Майсею Абяцаную зямлю, а таксама Махерон – разваліны старажытнай крэпасці, у якой утрымліваўся і быў забіты святы Ян Хрысціцель. Затым папскі дыпламат правядзе перамовы з Міністрам турызму і старажытнасцей Іарданіі Макрамам Мустафой Куэзі.

У апошні дзень свайго візіту, 14 сакавіка, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэнецца з Генеральным камісарам Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ Філіпа Лазарыні.
 

11 сакавіка 2024, 10:50