Кардынал Паралін: свет мае патрэбу ў інтэгральнай экалогіі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мерапрыемства, натхнёнае тэмай інтэгральнай экалогіі, завяршаецца 22 сакавіка 2024 года паказам дакументальнага фільма Толькі разам. Сюрпрыз Францішка рэжысёра Гуальцьера Пірса. Стужка распавядае пра нечаканыя сустрэчы Святога Айца з найбольш уразлівымі людзьмі падчас Юбілею Міласэрнасці 2015 года.
Усведамленне таго, што ўсё ўзаемазвязана, патрабуе перамен
Як адзначыў у відэазвароце да ўдзельнікаў кінапаказу кардынал Паралін, узаемасувязь усяго ў свеце паказвае, што выбар і паводзіны кожнага чалавека маюць глыбокія наступствы для ўсёй чалавечай сям'і. "Няма месца для глабалізацыі абыякавасці, для эканомікі выключэння, для культуры адкідаў, якую так часта асуджае Папа Францішак", - сказаў іерарх. Усведамленне таго, што ўсё ўзаемазвязана “патрабуе трансфармацыі ў міжнароднай палітыцы, а таксама ў нашых паўсядзённых паводзінах”, каб спрыяць змене мадэляў вытворчасці, спажывання і ладу жыцця.
Агульны дом – гэта не толькі навакольнае асяроддзе
Па словах Дзяржсакратара, агульны дом – гэта не толькі навакольнае асяроддзе, але і “тыя, хто жыве ў гэтым доме і будзе жыць у ім у будучыні”. Такім чынам, клопат аб Зямлі распаўсюджваецца і на блізкага, за якога мы нясем адказнасць, а таксама ўключае ў сябе нашы адносіны з Богам, які даверыў нам стварэнне. Такая адказная трансфармацыя нашых паводзін можа адбыцца толькі дзякуючы "інтэгральнаму экалагічнаму навяртанню", пра якое не раз казаў Францішак і якое набывае асаблівае адценне ў гэтыя апошнія дні Вялікага посту. Чэрпаць энергію на шляху да гэтага навяртання трэба менавіта ў двух элементах, якія ляжаць у аснове ініцыятывы Кіно для стварэння: прыгажосці і любові.
Экалагічнае навяртанне
Сузіранне прыгажосці стварэння нараджае ў нас падзяку за дар, які мы, у сваю чаргу, павінны перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас. "Толькі прызнанне таго, што мы атрымалі стварэнне ў дар, дазволіць нам спантанна клапаціцца аб ім і перайсці ад культуры адкідаў, якая ў цяперашні час пераважае ў нашым грамадстве, да культуры клопату”, - зазначыў кардынал Паралін. Ён нагадаў, што ў энцыкліцы Laudato sì Францішак не зводзіць экалагічную культуру да “серыі тэрміновых і частковых адказаў” на праблемы дэградацыі навакольнага асяроддзя і забруджвання, а выступае за прасоўванне змены “мыслення, палітыкі, адукацыйнай праграмы, ладу жыцця і духоўнасці”, каб супрацьстаяць тэхнакратычнай парадыгме. Дасягнуць гэтых змен магчыма дзякуючы "дыялогу на мясцовым і міжнародным узроўнях, які б спрыяў сапраўднаму інтэгральнаму і ўстойліваму развіццю чалавека, а таксама адукацыі ў галіне інтэгральнай экалогіі, якая б дазволіла па-новаму ўбачыць і ацаніць рухаючую сілу прыгажосці і любові".