Папская акадэмія жыцця пра “канстытуцыйнасць” аборта у Францыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Менавіта ў эпоху ўсеагульных правоў чалавека не можа існаваць права на пазбаўленне чалавека жыцця”, - гаворыцца ў заяве ўстановы Святога Пасада, абвешчанай 4 сакавіка 2024 года.
Францыя стала першай краінай у свеце, у Канстытуцыі якой было замацавана права на аборт. Такое рашэнне прынялі абедзве палаты парламента, якія сабраліся ў Версалі на сумеснае пасяджэнне. Прадметам галасавання дэпутатаў і сенатараў было ўнясенне ў артыкул 34-ы Асноўнага закона новага параграфа: “Закон вызначае ўмовы рэалізацыі жанчынай права на добраахвотнае перапыненне цяжарнасці”. За прагаласавалі 780 парламентарыяў, супраць – 72.
29 лютага 2024 года ў сваёй заяве біскупы паўтарылі, што “аборт, які з самага пачатку застаецца замахам на жыццё, нельга разглядаць выключна з пункту гледжання правоў жанчын”, са шкадаваннем адзначаючы, што “ў распачатых дэбатах не згадваюцца меры падтрымкі для тых, хто хоча пакінуць сваё дзіця”.
У заяве Святога Пасада гучыць заклік да “ўсіх урадаў і ўсіх рэлігійных традыцый” зрабіць усё, што ад іх залежыць “для гарантавання таго, што на дадзеным этапе гісторыі абарона жыцця стане абсалютным прыярытэтам з канкрэтнымі крокамі для міру і сацыяльнай справядлівасці, з эфектыўнымі мерамі для ўсеагульнага доступу да рэсурсаў, адукацыі і аховы здароўя”.
“Асаблівыя жыццёвыя сітуацыі і цяжкі і драматычны кантэкст нашага часу павінны быць вырашаны сродкамі прававой цывілізацыі, якая накіравана перш за ўсё на абарону самых слабых і безабаронных”, - сцвярджае Акадэмія, дадаючы, што абарона чалавечага жыцця з'яўляецца прыярытэтнай мэтай чалавецтва”.
У заяве гаворыцца, што для Каталіцкага Касцёла “абарона жыцця – гэта не ідэалогія”, як падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 25 сакавіка 2020 года, а “чалавечая рэальнасць, якую падзяляюць усе хрысціяне, менавіта таму што яны хрысціяне і таму што яны людзі”. Але “культура жыцця не з’яўляецца выключнай спадчынай хрысціян, яна належыць усім, хто, працуючы над будаваннем братэрскіх адносін, прызнае каштоўнасць кожнага чалавека, нават кволага і збалелага”, - нагадалі аўтары заявы.