Паралін: для Папы перамовы – не капітуляцыя, а ўмова міру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Поўны тэкст інтэрв'ю кардынала Параліна італьянскай газеце Corriere della Sera быў апублікаваны 12 сакавіка 2024 года. У ім іерарх нагадаў, што заклік Пантыфіка складаецца ў тым, каб "стварыць умовы для дыпламатычнага рашэння ў пошуках справядлівага і трывалага міру". “Відавочна, што стварэнне такіх умоў залежыць не ад аднаго боку, а ад абодвух бакоў, і першая ўмова, на мой погляд, заключаецца ў тым, каб пакласці канец агрэсіі. Ніколі не варта забываць кантэкст, у дадзеным выпадку, пытанне, у адказ на якое Папа казаў пра перамовы, у прыватнасці, пра мужнасць перамоў, якія ніколі не з'яўляюцца капітуляцыяй. Святы Пасад прытрымліваецца гэтай лініі і працягвае патрабаваць спынення агню – спыніць агонь павінны перш за ўсё агрэсары – і пачатку перамоў. Святы Айцец патлумачыў, што перамовы – гэта не слабасць, а моц. Пайсці на перамовы не значыць здацца, а мець адвагу. Ён казаў пра тое, што мы павінны больш клапаціцца пра чалавечае жыццё, пра сотні тысяч чалавечых жыццяў, прынесеных у ахвяру падчас гэтай вайны ў сэрцы Еўропы. Гэтыя словы тычацца Украіны, таксама як і Святой Зямлі, і іншых канфліктаў, якія скрываўліваюць свет”.
На пытанне журналіста Джан Гвіда Вэкі аб тым, ці існуюць яшчэ шанцы прыйсці да рашэння шляхам дыпламатыі, кардынал Паралін адказаў, што “паколькі гэта рашэнні, якія залежаць ад чалавечай волі, заўсёды застаецца магчымасць прыйсці да дыпламатычнага рашэння. Вайна, развязаная супраць Украіны, не з'яўляецца следствам некантралюемага стыхійнага бедства, а чалавечай волі, і тая ж самая чалавечая воля, якая выклікала гэтую трагедыю, мае магчымасць і адказнасць распачаць крокі, каб пакласці ёй канец і распачаць шлях да дыпламатычнага рашэння”.
"Святы Пасад занепакоены ў сувязі з рызыкай пашырэння вайны. Павышэнне ўзроўню канфлікту, распаўсюджванне новых узброеных сутыкненняў, гонка пераўзбраення з'яўляюцца драматычнымі і трывожнымі сігналамі ў гэтым сэнсе. Пашырэнне вайны азначае новыя пакуты, новую жалобу, новыя ахвяры, новыя разбурэнні, якія дадаюцца да тых, што ўжо выпрабаваў на сабе ўкраінскі народ, асабліва дзеці, жанчыны, пажылыя людзі і грамадзянскае насельніцтва, якія плацяць занадта высокую цану гэтай несправядлівай вайны”, - сказаў кардынал Паралін.
На пытанне аб тым, што агульнага існуе паміж канфліктам ва Украіне і ізраільска-палесцінскім канфліктам, бліжэйшы супрацоўнік Папы адказаў: "Агульнае ў гэтых дзвюх сітуацыях, безумоўна, тое, што яны небяспечна пашырыліся за ўсе прымальныя межы, што не ўдаецца знайсці ім рашэнне, што яны адбіваюцца на становішчы іншых краін, і што іх немагчыма вырашыць без сур'ёзных перамоў. Мяне турбуе нянавісць, якую яны спараджаюць. Ці можна будзе загаіць такія глыбокія раны?” - запытаў Дзяржсакратар.
У адказ на пытанне пра небяспеку ядзернага канфлікту кардынал Паралін сказаў, што занепакоены рызыкай магчымага фатальнага выкарыстання ядзернай зброі. “Дастаткова паглядзець на рэгулярнасць, з якой некаторыя прадстаўнікі ўрадаў звяртаюцца да такой пагрозы. Не магу не спадзявацца, што гэта толькі стратэгічная прапаганда, а не папярэджанне аб нечым сапраўды магчымым”, - адзначыў іерарх, дадаючы, што найбольшую занепакоенасць Святога Пасада выклікае тое, што “розныя ўдзельнікі гэтай трагічнай сітуацыі яшчэ больш замкнуцца ў сваіх уласных інтарэсах, не робячы ўсё магчымае, каб прыйсці да справядлівага і стабільнага міру".