Падчас Генасамблеі Сінода Біскупаў у кастрычніку 2023 года Падчас Генасамблеі Сінода Біскупаў у кастрычніку 2023 года  (Vatican Media)

Сястра Бэкар: жанчыны хочуць, каб Касцёл быў іх саюзнікам

Сястра Наталі Бэкар з арганізацыйнай групы XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў у Ватыкане падкрэсліла важнасць гэтай падзеі для жанчын.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сінод па сінадальнасці – гэта працэс, які павінен даць жанчынам больш моцны голас”, - сказала яна. Французская манахіня, якая займае пасаду намесніцы сакратара ў кіраўніцтве Сакратарыята Сінода Біскупаў, падкрэсліла, што “гэта шлях да пашырэння магчымасцей, асабліва для жанчын”.

Дыяцэзіяльныя і кантынентальныя этапы Сінода паказалі, што жанчыны жадаюць у большай ступені ўдзельнічаць у жыцці Касцёла – асабліва ў працэсах прыняцця рашэнняў. Сёння яны часта адчуваюць сябе незаўважанымі. Прадстаўленыя дагэтуль выніковыя справаздачы Сінода заклікаюць да поўнага і роўнага ўдзелу. “Жанчыны з’яўляюцца рухаючай сілай сінадальнасці”, - лічыць Бэкар. На яе думку, жанчыны, як правіла, больш схільныя да супрацоўніцтва, і гэта патрэбна Касцёлу.

“Жанчыны хочуць, каб Касцёл быў іх саюзнікам ва ўсіх сферах іх жыцця”, яны жадаюць як ролі ў Касцёле для сябе, так і падтрымкі Касцёла ў барацьбе з дыскрымінацыяй, - сказала сястра Бэкар.

Законніца выступіла на канферэнцыі Жанчыны-лідары, арганізаванай Caritas Internationalis і пасольствамі Вялікабрытаніі і Аўстраліі пры Святым Пасадзе.

Абвешчаная Папам Францішкам Генеральная асамблея Сінода Біскупаў – гэта шматэтапны працэс, які доўжыцца з 2021 года. Яго змест тычыцца Касцёла будучыні, напрыклад, новага размеркавання роляў паміж біскупамі, святарамі і вернікамі. Сінод завершыцца ў кастрычніку 2024 года апошняй цэнтральнай сустрэчай у Ватыкане. Сярод прыкладна 350 членаў Асамблеі з правам голасу таксама ёсць і жанчыны.
 

07 сакавіка 2024, 11:35