Ватыканскія сады: яблыня ў памяць аб мучаніцкай смерці Ульмаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цырымонія прайшла ў Ватыканскіх садах, у той іх частцы, дзе растуць розныя дрэвы ў памяць аб важных падзеях. Яе ўзначалілі Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал П’етра Паралін і кіраўнік Канцылярыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Гражына Ігначак-Бандых.
“Для сям'і Ульма дапамога патрабуючым была чымсьці нармальным, і рашэнне прыняць яўрэяў стала абдуманым”, - сказаў пурпурат. - Ім шмат разоў казалі: “Не хавайце яўрэяў, а то патрапіце ў бяду”. Юзэф цвёрда адказаў: “Гэта людзі, я іх ніколі не выкіну”. Як нагадаў іерарх, Ульмы сталі ахвярамі даносу, і разам з яўрэямі, якіх хавалі, былі забітыя нямецкімі жандарамі.
“Сёння наша памяць заключаецца ва ўзвядзенні жывога помніка, які прыносіць сапраўдныя плады, што сімвалізуюць плён крыві гэтых мучанікаў”, - адзначыў кардынал Паралін. “Мы адчуваем сапраўднае захапленне сведчаннем гэтай сям'і. Мы таксама хочам аддаць даніну павагі ўсім тым, хто ў трагічныя моманты гісторыі рызыкаваў сваім жыццём, дапамагаючы пераследаваным, асабліва яўрэям падчас Другой сусветнай вайны”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
Пасаджаную 6 сакавіка 2024 года яблыню ахвяраваў маршалак Падкарпацкага ваяводства ў Польшчы Уладзіслаў Ортыл. Гэта ўнікальнае дрэва – яно з’яўляецца адросткам яблыні, прышчэпленай благаслаўлёным Юзэфам Ульма.