Пошук

Арцыбіскуп Галахер сустрэўся з прэм'ер-міністрам В'етнама

Падчас афіцыйнага візіту ў В'етнам Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі правёў перамовы з Прэм’ер-міністрам В’етнама Фам Мінь Чынем і іншымі прадстаўнікамі ўрада. Сустрэчы прайшлі ў цёплай атмасферы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

З 9 па 14 красавіка 2024 года арцыбіскуп Пол Рычард знаходзіцца з візітам у В'етнаме. 10 красавіка ён сустрэўся ў Ханоі з некаторымі прадстаўнікамі в'етнамскага ўрада, у тым ліку з Прэм'ер-міністрам Фам Мінь Чынем, Міністрам замежных спраў Буй Тхань Шонам і Міністрам унутраных спраў Фам Тхі Тхань Тра.

Прэм'ер-міністр Фам Мінь Чын адзначыў пазітыўныя адносіны паміж Святым Пасадам і В'етнамам, якія яшчэ больш умацаваліся ў ліпені 2023 года пасля заключэння пагаднення аб Пастаянным папскім прадстаўніку. Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што В'етнам з'яўляецца шматканфесійнай краінай з 27 мільёнамі вернікаў, якія складаюць 27% насельніцтва. Каталіцкая супольнасць краіны хутка расце і складае больш за 7,2 мільёнаў вернікаў.

Са свайго боку, арцыбіскуп Галахер таксама выказаў задавальненне добрымі двухбаковымі адносінамі, а таксама спадзяванне на тое, што наступнае, адзінаццатае, пасяджэнне Сумеснай рабочай групы будзе праведзена ў бліжэйшы час. Дыпламат выказаў задавальненне ў сувязі з укладам, які каталіцкая супольнасць уносіць у развіццё в'етнамскага грамадства. Падчас перамоў абмяркоўваўся таксама магчымы візіт Папы Францішка ў В'етнам.

Праграма падарожжа арцыбіскупа Галахера ўключае Эўхарыстычнае набажэнства ў катэдральным саборы святога Юзафа ў Ханоі, сустрэчу з навучэнцамі вышэйшай семінарыі, удзел у Святой Імшы ў саборы Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Хюэ, а таксама сустрэчу з Канферэнцыяй Біскупаў В’етнама і Эўхарыстыю ў катэдральным саборы Божай Маці ў Хашыміне.

Адносіны паміж Святым Пасадам і В'етнамам былі перапыненыя ў 1975 годзе, але ў апошні час у іх быў дасягнуты значны прагрэс. У 2011 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў свайго прадстаўніка па сувязях з В’етнамам, які, аднак, не пражываў у краіне. У снежні 2023 года Францішак прызначыў арцыбіскупа Марэка Залеўскага папскім прадстаўніком з пражываннем у Ханоі. У лісце да в'етнамскай каталіцкай супольнасці, які Папа Францішак скіраваў у верасні 2023 года, ён заклікаў вернікаў жыць як "добрыя хрысціяне і добрыя грамадзяне", сведчачы пра Божую любоў "без адрознення рэлігіі, расы і культуры".

11 красавіка 2024, 13:24