Пошук

Генеральная Асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота Генеральная Асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота  (2022 Getty Images)

Арцыбіскуп Кача ў ААН: рашуча ісці шляхам поўнага раззбраення

У рамках 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача, прыняў удзел у пасяджэнні Камісіі па раззбраенні, заклікаючы змяніць негатыўную канцэпцыю бяспекі на пазітыўную.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ва ўмовах росту ваенных выдаткаў і абвастрэння канфліктаў ва ўсім свеце варта памятаць, што так званае “стрымліванне” – гэта ілюзія міру, - сказаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, нагадваючы, што зброя стварае недавер паміж краінамі, забірае каштоўныя эканамічныя рэсурсы, а таксама кожны год прыводзіць да забойства і калечання сотняў тысяч людзей.

“Гэтыя згубныя наступствы распаўсюджвання, назапашвання і ўжывання зброі робяць раззбраенне “маральным абавязкам”, які заклікае “ўсіх членаў вялікай сям’і народаў, перайсці ад раўнавагі страху да раўнавагі даверу” – адзінай аснове, на якой можа быць дасягнуты трывалы мір”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

“Святы Пасад зноў заклікае ўсе дзяржавы адмовіцца ад ядзернага стрымлівання і далучыцца да Дагавора аб забароне ядзернай зброі, каб такім чынам садзейнічаць змене негатыўнай канцэпцыі бяспекі на пазітыўную”, - дадаў прадстаўнік Папы.

Арцыбіскуп Кача нагадаў таксама пра прапанову Апостальскай Сталіцы стварыць міжнароднае агенцтва па кантролі за штучным інтэлектам і прыняць абавязковы для ўсіх міжнародны дагавор, які будзе рэгуляваць развіццё і выкарыстанне штучнага інтэлекту дзеля яго служэння ўсяму чалавецтву.

“Мір будуецца не з дапамогай зброі, а шляхам цярплівага слухання, дыялогу і супрацоўніцтва, якія лічацца адзінымі сродкамі, годнымі чалавечай асобы ў вырашэнні рознагалоссяў. Зыходзячы з гэтага, Святы Пасад зноў звяртаецца з “настойлівым заклікам прымусіць змоўкнуць зброю, пераасэнсаваць вытворчасць і гандль гэтымі прыладамі смерці і рашуча ісці па шляху паступовага, але поўнага раззбраення”, - завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Габрыэле Кача.
 

03 красавіка 2024, 14:11