Пошук

Арцыбіскуп Габрыэле Кача Арцыбіскуп Габрыэле Кача 

Святы Пасад: інтарэсы дзяржавы – не апраўданне для злачынстваў

Суверэнныя інтарэсы не могуць быць апраўданнем для злачынстваў супраць чалавецтва, - нагадаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2 красавіка 2024 года арцыбіскуп Габрыэле Кача звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння Шостага камітэта 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечанага разгляду праекта дакумента аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць чалавецтва.

Прадстаўнік папскай дыпламатыі звярнуў увагу на неабходнасць стварэння “ўсеагульнага, шматбаковага і юрыдычна абавязковага” інструмента, які “кадыфікуе існуючае звычайнае права” ў пытаннях “злачынстваў супраць чалавецтва, як міжнародных злачынстваў”. Гэта “безумоўна, садзейнічала б міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы прадухілення і пакарання гэтых бесчалавечных злачынстваў”, - дадаў ён.

“Будучая канвенцыя дапаможа міжнароднай супольнасці лепш рэалізоўваць агульнае дабро”, якое можа існаваць толькі калі ў кожны момант бярэцца пад увагу чалавечая асоба, - зазначыў арцыбіскуп. Ён падкрэсліў, што было б пажадана дадаць у прэамбулу дакумента згадку пра “чалавечую годнасць” і “імператыў прадухілення”.

Сапраўды, “узаемазвязаныя маральныя імператывы павагі да чалавечай годнасці і спрыяння агульнаму дабру прыводзяць да высновы, што суверэнныя інтарэсы ніколі не могуць апраўдаць злачынствы супраць чалавецтва”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што вызначэнне такіх злачынстваў не павінна адыходзіць ад існуючых звычайных норм.
 

03 красавіка 2024, 11:33