Міжнародная сустрэча пробашчаў збярэ ў Рыме больш за 200 удзельнікаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча Пробашчы для Сінода прымеркавана да другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яе ўдзельнікі абмяркуюць тэму Як быць Сінадальным мясцовым Касцёлам у місіі.
Як патлумачыў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сінода і каардынатар сустрэчы, яна будзе прысвечана слуханню, малітве і распазнаванню. Арганізатары – Генеральны сакратарыят Сінода, Дыкастэрыя па справах духавенства, Дыкастэрыя па евангелізацыі (секцыя па першай евангелізацыі і новых мясцовых Касцёлах) і Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў.
Ініцыятыва з’яўляецца адказам на рэкамендацыю ўдзельнікаў першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода больш прыслухоўвацца да пробашчаў.
Сярод асноўных мэт сустрэчы – абмен ідэямі, матэрыяламі і досведам сінадальнасці у парафіях і дыяцэзіях. Колькасць яе ўдзельнікаў складзе больш за 200 чалавек. Пры іх адборы Канферэнцыі Біскупаў і Усходнія Цэрквы аддавалі перавагу тым кандыдатам, якія маюць значны вопыт сінадальнасці, а таксама імкнуліся захаваць пэўную разнастайнасць кантэкстаў (сельскіх, гарадскіх, сацыякультурных), у якіх дзейнічаюць душпастыры.
Праграма сустрэчы складаецца з дзвюх частак. Першая пройдзе ў Сакрафана з 29 красавіка па 1 мая 2024 года і будзе ўключаць даклады экспертаў, размовы, працу ў групах, пленарныя пасяджэнні, імшы і малітву.
Другая частка мерапрыемства пройдзе ў Ватыкане 2 мая 2024 года. У яе рамках адбудзецца сустрэча святароў з Папам Францішкам. Яна пройдзе ў форме дыялогу ў Новай сінадальнай зале. У той жа дзень ля Алтара кафедры ў базіліцы святога Пятра адбудзецца Імша для ўдзельнікаў форума.