Навуковец-езуіт: не трэба баяцца штучнага інтэлекту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Манах-езуіт тлумачыць, што замест таго, каб імітаваць чалавечы інтэлект, сістэмы штучнага інтэлекту выконваюць “аперацыі па маніпуляванні данымі”. Аднак гэтыя даныя “не з'яўляюцца ні інфармацыяй, ні ведамі, ні мудрасцю”. Кампутары працуюць толькі з данымі, а самыя папулярныя боты штучнага інтэлекту, такія як ChatGPT, "здаюцца чалавекападобнымі, таму што ўносяць у вынікі недакладнасці і памылкі, характэрныя для чалавека".
Вучоны патлумачыў, што “лабараторыі штучнага інтэлекту ствараюць карту таго, як працуе мозг, як і што ён робіць”. Але як адрозніваецца ад што. Такім чынам, тое, што робяць камп'ютэры, “не мае нічога агульнага з інтэлектам”. Таму ўзнікае пытанне: “Ці змогуць людзі калі-небудзь стварыць нешта, надзеленае інтэлектам? Нешта, здольнае да мудрасці?"
Па словах езуіта, "наш чалавечы інтэлект ніколі не быў у стане вынайсці новы грэх". “Прагнасць, зайздрасць, абжорства, пажадлівасць і ўсё астатняе будзе спакушаць кожную істоту са свабодай волі. І кожная істота з інтэлектам і самасвядомасцю заўсёды будзе задумвацца над вялікімі пытаннямі і спакушацца нейкімі таемнымі ведамі або адчайным пошукам пэўнасці”, - адзначыў ён. У такой перспектыве “цноты веры, надзеі і любові заўсёды будуць магчымыя”.
Такім чынам, “нават калі б машыны дасягнулі пэўнай самасвядомасці, ці сапраўды ўзнікла б прычына для страху? Калі б яны сапраўды развілі ў сабе якасці чалавечай душы, інтэлект і свабоду волі, гэта не зрабіла б іх ні лепшымі, ні горшымі за іншыя душы, чалавечыя ці не. Яны былі б здольныя на грэх і на любоў. Навошта баяцца таго, што здарыцца менавіта горшае?” - заключыў навуковец з Таварыства Езуса.