Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін  

Паралін: Святы Пасад гатовы пасрэднічаць у дасягненні міру

Гуманітарныя акцыі, уключаючы вызваленне ваеннапалонных і дзяцей, дэпартаваных у Расію, – гэта інструменты, якія вызначаюць шлях да перамоў і спынення вайны ва Украіне, - лічыць Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскай Avvenire кардынал П’етра Паралін адзначыў, што анансаваны ўдзел Францішка ў саміце G7, які пройдзе ў італьянскай Апуліі 13-15 чэрвеня 2024 года, з’яўляецца выразам турботы за будучыню падзеленага свету.

“Святы Айцец сур’ёзна занепакоены сітуацыяй, у якой мы жывём, і пастаянна аднаўляе свае заклікі да пошуку шляхоў, дарог і спосабаў дасягнення міру, - сказаў дыпламат. Ён адзначыў, што Францішак гатовы выкарыстаць усе прапанаваныя яму інструменты і прастору, каб “паспрабаваць аднавіць тканіну міжнароднай супольнасці, якая нядаўна была разарваная на часткі і, на жаль, з цяжкасцю ўз'ядноўваецца”.

Дзяржсакратар выказаў перакананне ў тым, што папскі заклік з патрабаваннем абмену палоннымі паміж Расіяй і Украінай, які прагучаў на Вялікдзень, “быў пачуты і прыняты”. “Я не магу раскрываць дэталі, але мы ўспрымаем гэта як станоўчы знак, паколькі лічым, што ўсе намаганні, прыкладзеныя ў мінулым годзе кардыналам Матэа Дзупі падчас місіі, даручанай яму Папам, мелі вялікую каштоўнасць”, - адзначыў іерарх.

На думку Параліна, канцэнтрацыя ўвагі на гуманітарных аспектах – як у дачыненні да ваеннапалонных, так і ў дачыненні да дзяцей – магла б стварыць умовы для перамоў і, як следства, для спынення вайны.

Адказваючы на пытанне, ці завершана ўжо місія італьянскага кардынала, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада падкрэсліў, што яе галоўная мэта – запусціць механізм вяртання дадому ўкраінскіх дзяцей, дэпартаваных у Расію. “Місія кардынала Дзупі ў асноўным была накіравана на гэты аспект, але я не думаю, што яна завершана – яна застаецца адкрытай для любых змен, якія могуць адбыцца”, - сказаў ён.

Дзяржсакратара таксама спыталі аб дзейнасці, якую Святы Пасад вядзе на Блізкім Усходзе для аднаўлення міру ў рэгіёне. Па яго словах, намаганні ажыццяўляюцца на розных узроўнях, не толькі дыпламатычным.

“Сітуацыя вельмі складаная. Тым не менш, я думаю, што ёсць рашэнні. Калі мы гаворым пра формулу дзвюх дзяржаў, ёсць канкрэтная прапанова, да якой трэба рухацца. Магчыма, гэта дапамагло б знайсці канчатковае рашэнне”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат і дадаў, што найперш трэба спыніць ваенныя дзеянні і забяспечыць прынамсі перамір’е.

Кардынал Паралін запэўніў у тым, што Святы Пасад гатовы паўсюдна пасрэднічаць у дасягненні міру.
 

30 красавіка 2024, 09:32