Арцыбіскуп Галахер здзяйсняе візіт у Харватыю
Марыя Валодзіна - Vatican News
Іерарх прыбыў у балканскую краіну на запрашэнне арцыбіскупа Заграбскага Дражэна Кутлешы, каб прыняць удзел у свяце Маці Божай Каменнай брамы, апякункі сталіцы Харватыі.
Плануецца, што ў рамках візіту арцыбіскуп Галахер сустрэнецца з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў: прэм'ер-міністрам Андрэем Пленкавічам і міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Горданам Грліч-Радманам. Акрамя таго, ён выступіць з лекцыяй на адкрыцці бібліятэкі харвацкага Каталіцкага ўніверсітэта і ўзначаліць Эўхарыстыю ў заграбскай катэдры Маці Божай Каменнай брамы.
28 мая арцыбіскуп Галахер цэлебраваў Імшу з нагоды Дня дзяржаўнасці Харватыі ў касцёле святога Гераніма ў Рыме. У гаміліі ён адзначыў, што адносіны паміж гэтай балканскай краінай і Святым Пасадам ніколі не слабелі, нягледзячы на шматлікія канфлікты на працягу гісторыі. Ён заклікаў вернікаў маліцца за ўсе народы, якія пацярпелі ад канфліктаў, і падзякаваў Богу за дар свабоды і міру для Харватыі.