Кардынал Фернандэс аб новых нормах адносна звышнатуральных з'яў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас прэзентацыі Нормаў па распазнаванні меркаваных аб’яўленняў і іншых звышнатуральных з’яў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс звярнуў увагу на тое, што “Касцёл пакідае вернікам свабоду звяртаць або не звяртаць увагі” на такога роду феномены. Ён адзначыў, што рашэнне ў гэтых справах можа прымаць пробашч або біскуп.
“Аб’яўленне можа прынесці шмат дабра, падштурхнуць людзей да змены жыцця: эгаісты становяцца шчодрымі, ахвяры залежнасці вызваляюцца ад яе, разбураныя сем’і прыміраюцца, параненыя людзі знаходзяць спакой і надзею. Як нам не захапляцца прыгажосцю Лурда, цвярозай і глыбокай пабожнасцю, якую можна адчуць у Фаціме, пяшчотнай пабожнасцю ў Гвадэлупэ?” - рытарычна спытаў іерарх.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што не заўсёды “ўсё чорнае ці белае". “Часта магчымае дзеянне Бога змешваецца з чалавечымі жаданнямі, фантазіямі і ўчынкамі. Таму неабходна рабіць адрозненне: адрозніваць, чысціць тое, што выклікае блытаніну, і ратаваць тое, што добра і выклікае дабро”. Патрэбна “пераасэнсаваць падзею, калі яна выглядае станоўчай, у святле Евангелля і ўзбагаціць яе гістарычнай прыгажосцю духоўнасці”.
У іншых выпадках, наадварот, прысутнічаюць "сур'ёзныя памылкі, маніпуляцыі, няясныя моманты – і тут рэкамендуецца забарона". Даць дазвол nihil obstat, растлумачыў прэфект Дыкастэрыі, азначае, што няма нічога, што супярэчыць веры і маралі, і што можна з разважлівасцю прыняць з’яву, нават калі няма абавязку гэтага рабіць.
Адказваючы на пытанне аб меркаваных аб’яўленнях у Меджугор’і, кардынал Фернандэс адзначыў, што вывучэнне пытання яшчэ не завершана, але з новымі правіламі “будзе прасцей прыйсці да разважлівай высновы”.
Ён нагадаў, што ў многіх выпадках усё “развівалася правільна і нармальна". У большасці санктуарыяў, якія часта наведваюцца вернікамі і якія нарадзіліся з такога роду досведу, “ніколі не было заяў біскупаў або дыкастэрый”. Яны развіваліся як месцы народнай пабожнасці. Такім чынам, каб “з’ява ўзрастала пад уплывам Духа Святога, няма неабходнасці абвяшчаць” яе звышнатуральную прыроду, - растлумачыў кардынал-прэфект.