Папская акадэмія жыцця: паліятыўны догляд – глыбока гуманны падыход
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сімпозіум пацвердзіў, што надзея заўсёды застаецца, нават у самыя складаныя моманты жыцця. Вера і культура граюць важную ролю ў задавальненні патрэбаў хворых і паміраючых, палягчэнні іх фізічных, духоўных і эмацыйных пакут.
Старшыня сімпозіума, біскуп Ноэль Сімард, адзначыў, што ініцыятыва дазволіла экспертам абмяняцца ідэямі ў духу супрацоўніцтва і ўзаемапавагі. Па яго словах, паліятыўная дапамога – гэта рашэнне, якое прапануе пакутуючаму і паміраючаму чалавеку падтрымку, заснаваную на любові, спагадзе і павазе да годнасці чалавечай асобы, аж да натуральнай смерці. "Вельмі важна, каб мы разам спрыялі паліятыўнаму догляду, якому пагражаюць некаторыя практыкі”, - заявіў ён.
Старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, адзначыў: "Нават калі вылячэнне ўжо немагчыма, заўсёды можна паклапаціцца пра чалавака. Паліятыўная дапамога – гэта глыбока гуманны падыход да медыцыны. На апошніх этапах зямнога існавання мы павінны супрацьстаяць абыякавасці і культуры адкідаў. Паліятыўная дапамога – гэта адмысловая форма дабрачыннасці, і яе трэба заахвочваць.”
Канцлер Папскай акадэміі жыцця, мансеньёр Рэнца Пэгарара, пацвердзіў, што ў дадатак да клінічнага досведу паліятыўны догляд патрабуе ўкладу гуманітарных навук і пошуку сэнсу жыцця і таямніцы самапазнання, у тым ліку аб тым, як падрыхтавацца да сустрэчы з Богам.
"Кожны з нас, як член грамадства, абавязаны дапамагаць хворым і паміраючым і любіць іх, а таксама са спачуваннем падтрымліваць сваіх блізкіх, каб ніхто не быў ізаляваны, адзінокі або забыты ў цяжкую хвіліну. Гэты сімпозіум сімвалізуе цвёрдую прыхільнасць жыццю і цэласнаму догляду, якая прынясе шмат плёну", - лічыць старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Канады, біскуп Уільям Макгратан.
Ключавыя рэкамендацыі ўдзельнікаў сімпозіума будуць абагульнены рабочай групай, якая засяродзіць увагу на пяці аспектах: папулярызацыя паліятыўнай дапамогі, прыцягненне і падтрымка супольнасці, адукацыя, інтэграцыя культурнага аспекту ў паліятыўны догляд, а таксама палітыка і заканадаўства ў галіне паліятыўнай дапамогі.
Паліятыўны догляд выходзіць за рамкі традыцыйнага медыцынскага падыходу, накіраванага выключна на лячэнне сімптомаў хваробы, і ўяўляе сабой комплексны метад, накіраваны на задавальненне фізічных, эмацыйных, духоўных і сацыяльных патрэбаў чалавека ў канцы жыцця.