Паралін: навучаць не толькі тэхніцы, але і служэнню культуры
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З такімі словамі кардынал П’етра Паралін 14 мая 2024 года ў Папскім універсітэце Урбаніяна прывітаў выкладчыкаў і студэнтаў Ватыканскай школы палеаграфіі, дыпламатыкі і архіўнай справы, якая сёлета адзначае сваё 140-годдзе, і Ватыканскай школы бібліятэканоміі, якой споўнілася 90 гадоў.
Дзяржсакратар Яго Святасці высока ацаніў дзве ўстановы, якія падтрымліваюць у сваіх вучнях “усведамленне велізарнай каштоўнасці сведчанняў мінулага ў адносінах да сучаснасці”. Ён звярнуў увагу на выклікі, якія стварае сучасны свет з яго тэхналогіямі.
"Я думаю пра тое, наколькі вырашальнае значэнне маюць канкрэтныя і матэрыяльныя крыніцы, што вы вывучаеце менавіта для таго, каб праверыць паведамленні і інтэрпрэтацыі, якія лёгкасць і хуткасць камунікацыі часта робяць вераломнымі ці нават павярхоўнымі", - сказаў кардынал Паралін.
Дзяржсакратар звярнуў увагу на важнасць навучання і падрыхтоўкі "не толькі з тэхнічнага пункту гледжання, але і ў духу служэння культуры". Ён адзначыў неабходнасць павышэння кампетэнтнасці як "галоўнай каштоўнасці як на прафесійным узроўні, так і ў дачыненні да далікатнай культурнай трансфармацыі, якую мы перажываем".
Кардынал Паралін заклікаў выкладчыкаў і студэнтаў двух ватыканскіх школ не губляць энтузіязму і запалу, якія ён лічыць “найважнейшымі кампанентамі” для захавання ведаў жывымі.