Святы Пасад: абараняць грамадзянскіх асоб падчас узброеных канфліктаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Выступаючы 22 мая 2024 года ў Нью-Ёрку на адкрытых дэбатах Савета Бяспекі Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН падкрэсліў, што ваенныя канфлікты па ўсім свеце прыводзяць да катастрафічных наступстваў для жыцця мільёнаў людзей, прычым асноўны ўдар прыпадае на грамадзянскае насельніцтва. Найбольшай рызыцы падчас канфліктаў падвяргаюцца медыцынскія работнікі, персанал гуманітарных арганізацый, рэлігійныя дзеячы, журналісты, перамешчаныя асобы, жанчыны, дзеці і людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да рэалізацыі Рэзалюцыі 1265 Аб абароне грамадзянскіх асоб ва ўзброеным канфлікце, прынятай Саветам Бяспекі ААН 17 верасня 1999 года, і звярнуў увагу на тры ключавыя моманты.
“Па-першае, важна прызнаць, што сучасная вайна больш не вядзецца выключна на полі бою. Яна закранае грамадзянскую інфраструктуру, школы, шпіталі і месцы культу”, - адзначыў арцыбіскуп Кача, настойліва заклікаючы забяспечыць асаблівую абарону месцам культу, якія ўяўляюць сабой не проста месцы малітвы, але і аказваюць дапамогу тым, хто жыве ў нястачы.
Па-другое, найважнейшай мерай па абароне грамадзянскага насельніцтва ва ўзброеных канфліктах з'яўляецца спыненне вытворчасці, назапашвання і прымянення наземных мін, касетных боепрыпасаў і зброі выбуховага дзеяння. Гэтыя ўзбраенні працягваюць прадстаўляць сур'ёзную пагрозу для грамадзянскага насельніцтва нават пасля заканчэння ваенных дзеянняў, - нагадаў дыпламат.
Па-трэцяе, сур'ёзную заклапочанасць Святога Пасада выклікаюць спробы перашкодзіць дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў зоны канфліктаў і выпадкі нападаў на гуманітарны і медыцынскі персанал, якія пачасціліся, - адзначыў арцыбіскуп Кача, патрабуючы строгага захавання нормаў міжнароднага гуманітарнага права.