THAILAND-RELIGION-POPE

Святы Пасад да будыстаў: разам працаваць дзеля міру ў свеце

“Хрысціяне і будысты: працаваць разам на карысць міру праз прымірэнне і стойкасць” – так гучыць тэма паслання Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў будызму з нагоды свята Весак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Няспынная эскалацыя канфліктаў ва ўсім свеце”, патрабуе абноўленай увагі да пытання міру і “больш глыбокага асэнсавання нашай ролі ў пераадоленні перашкод на шляху яго росту”, - гаворыцца ў пасланні, якое было абнародавана 6 мая 2024 года ў Ватыкане.

У дакуменце адзначаецца, што акрамя няспынных малітваў і спадзяванняў, цяперашняя сітуацыя вымагае ад хрысціян і будыстаў актыўных дзеянняў. “Каб адыграць сваю ролю ў спыненні нянавісці і прагі помсты, якія вядуць да вайны, і ў загойванні ран, якія вайна нанесла чалавецтву і Зямлі, нашаму агульнаму дому, мы павінны ўмацаваць нашу гатоўнасць працаваць на карысць прымірэння і стойкасці”, - нагадаў Святы Пасад.

У пасланні падкрэсліваецца, што без выкаранення глыбокіх прычын канфліктаў і гвалту, трывалы мір застанецца ілюзіяй, бо “не можа быць міру і прымірэння без роўнасці і справядлівасці ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці”.

Апостальская Сталіца адзначыла таксама, што важную ролю для будавання міру граюць прымірэнне і стойкасць – фундаментальныя каштоўнасці, прысутныя ў абедзвюх рэлігійных традыцыях. Іх злучэнне забяспечвае “магутную сінергію, якая загойвае раны мінулага, фармуе моцныя сувязі і дазваляе нам глядзець на жыццёвыя выклікі з сілай і аптымізмам”.

Падкрэсліваецца, што ў пошуку прабачэння і адраджэння разбураных адносін адбываецца прымірэнне тых, хто аддаліўся адзін ад аднаго, і аднаўленне гармоніі; стойкасць жа, акрамя таго, што дазваляе чалавеку ачуняць пасля няўдач, “садзейнічае мужнасці і надзеі на светлую будучыню, бо перамяняе як ахвяр, так і вінаватых”. Прымірэнне і стойкасць дазваляюць нам прабачаць і прасіць прабачэння, любіць і быць у міры з сабой і іншымі, уключаючы тых, хто прычыніў нам зло, - заўважаецца ў пасланні Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў будызму.
 

06 мая 2024, 12:13