Святы Пасад: праблема не ў росце насельніцтва, а ў няроўнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Шмат што змянілася з таго часу, як трыццаць гадоў таму ў Каіры прайшла Міжнародная канферэнцыя па народанасельніцтву і развіццю. Былі дасягнуты значныя поспехі, аднак, нягледзячы на гэтыя дасягненні, застаюцца сур'ёзныя праблемы, галоўнай з якіх з'яўляецца выкараненне беднасці ва ўсіх яе формах, нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.
Рост колькасці насельніцтва часта памылкова называюць асноўнай прычынай недахопу ежы, што вядзе да высновы аб тым, што "зніжэнне нараджальнасці магло б стаць рашэннем праблемы". Апошнія дзесяцігоддзі паказалі, што гэта не так. Наадварот, "рост колькасці насельніцтва суправаджаецца павелічэннем вытворчасці прадуктаў харчавання", дэманструючы, што ён цалкам сумяшчальны з агульным росквітам і развіццём патэнцыялу ўсіх, зазначыў прадстаўнік Святога Пасада.
Рэальнай праблемай з'яўляецца не рост насельніцтва Зямлі, а "няроўнасць, беднасць і нізкі ўзровень развіцця". Рашэнне праблемы варта шукаць у намаганнях на карысць развіцця, у прыватнасці ў палітыцы і праграмах, якія спрыяюць занятасці, забяспечваюць інвестыцыі ў асноўныя грамадскія паслугі, спрыяюць рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў і падтрымліваюць сям'ю, - зазначыў арцыбіскуп Кача, заклікаючы “культываваць культуру салідарнасці і братэрства, у якой кожны чалавек разглядаецца не як статыстыка, а як унікальны і незаменны член чалавечай сям'і”.