Лагатып 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса Лагатып 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса 

Ватыканская прэзентацыя 53-га Эўхарыстычнага кангрэса

У Ватыкане правялі прэзентацыю 53-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Ён пройдзе ў сталіцы Эквадора Кіта з 8 па 15 верасня 2024 года на тэму: Братэрства на карысць аздараўлення свету. Апошні Кангрэс прымала ў 2021 годзе Венгрыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Альфрэда Хасэ Эспіноса Матэўс нагадаў, што біскупы Эквадора прасілі Францішка дазволіць іх Радзіме прыняць чарговы сусветны эўхарыстычны форум у 150-ю гадавіну прысвячэння краіны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Месцам сустрэчы Папа прызначыў Кіта. Прымас Эквадора спаслаўся на тэму, абраную Святым Айцом, і заўважыў, што свет, у якім так шмат ран і падзелаў, патрабуе “эўхарыстычных місіянераў братэрства”.

Ксёндз Хуан Карлас Гарсон, галоўны арганізатар эўхарыстычных кангрэсаў з боку Святога Пасада, адзначыў, што тэма форуму спасылаецца на папскую энцыкліку Fratelli tutti і супадае з значэннем Эўхарыстыі – крыніцы камуніі для тых, хто яе цэлебруе, з яе місіяй рабіць бачным Хрыста, які аздараўляе раны свету.

Францішак ужо прызначыў свайго легата на 53-ці Міжнародны эўхарыстычны кангрэс. Ім стаў кардынал Кевін Джозэф Фарэл, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Ідэя арганізацыі эўхарыстычных кангрэсаў нарадзілася ў Францыі. Першая міжнародная сустрэча прайшла ў Лілі ў 1881 годзе. Ад самага пачатку арганізатары імкнуліся ўмацаваць веру ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі і пашырыць эўхарыстычны культ. Першы Міжнародны кангрэс за межамі Еўропы адбыўся ў 1910 годзе ў Манрэалі.
 

21 мая 2024, 10:39