Ватыканскія музеі правялі майстар-класы па фрэскавым жывапісу

Правесці адзін дзень у майстэрні Мікеланджэла ці Рафаэля – прапанова, з якой Ватыканскія музеі штогод выходзяць да сваіх стажораў, арганізоўваючы майстар-класы па фрэскавым жывапісе.

Ян Глінскі

Студэнты “могуць даведацца аб крапатлівай працы мастакоў з мінулага, а таксама навучыцца расшыфроўваць усе “знакі” і “сляды”, пакінутыя на пафарбаванай тынкоўцы, што дапамагае ў даследаванні старых карцін”, – патлумачыў Марка Іначэнцы са Студыі рэстаўрацыі жывапісу і драўляных прадметаў Ватыканскіх музеяў.

Як адзначыў кансерватар, фрэскавы жывапіс патрабуе ад мастака вялікіх сканцэнтраваных намаганняў і хуткасці. “Творы такога тыпу выконваліся на фрагментах тынкоўкі, якія называлі “днямі”, таму што іх трэба было ўкласці і пафарбаваць за адзін дзень, пакуль тынк не высахне”, – зазначыў Іначэнцы.

Згаданая тэхніка была вядома яшчэ ў Грэцыі, а пазней выкарыстоўвалася этрускамі і рымлянамі. Пік яе папулярнасці і майстэрства прыйшоўся на эпоху Адраджэння. Цікава, што ў сучасных майстэрнях выкарыстоўваюцца не толькі тыя ж інструменты, што і ў часы Мікеланджэла, але і на 90 працэнтаў тыя ж колеры.

“Фарба, якую мы выкарыстоўваем, не з цюбіка, а робіцца з глебы, якую, як і ў старажытнасці, мыюць, здрабняюць і перапрацоўваюць”, - патлумачыў ватыканскі кансерватар, дадаўшы, што матэрыялы выкарыстоўваюцца звычайныя: у тым ліку вапняк, рачны пясок і вулканічныя пароды. “Жывапісец здолеў правільна выкарыстаць гэтыя надзвычай бедныя матэрыялы, каб стварыць з іх шэдэўр”, - падкрэсліў Іначэнцы.

Падчас сёлетніх майстар-класаў кожны з удзельнікаў пад наглядам кансерватара меў магчымасць падрыхтаваць тынкоўку і эскіз, а потым стварыць фрэску. Для студэнтаў, якія плануюць звязаць сваю будучыню з музейнай або кансерватарскай працай, гэта быў бясцэнны досвед.
 

31 мая 2024, 08:47