Арцыбіскуп Антэ Ёзіч прызначаны нунцыем у Грузіі і Арменіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Святы Айцец прызначыў Апостальскім нунцыем у Грузіі і Арменіі Яго Эксцэленцыю шаноўнага арцыбіскупа Антэ Ёзіча, тытулярнага арцыбіскупа Цысы, да гэтага часу Апостальскага нунцыя ў Беларусі”, - гаворыцца ў камюніке Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
Іерарх з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Беларусі з 21 мая 2020 года. Ён змяніў на гэтай пасадзе арцыбіскупа Габара Пінтэра.
Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 года ў горадзе Трыль у Харватыі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 28 чэрвеня 1992 года ў складзе Сплітска-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 годзе пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай касцёльнай акадэміі. З 1999 года працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. Потым, у 2003-2009 гадах быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 года стаў дарадцам нунцыятуры ў Філіпінах.
2 лютага 2019 года Папа прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы. Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 года кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 года іерарх трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў бальніцы ў крытычным стане.
21 мая 2020 года Францішак прызначыў іерарха Апостальскім нунцыем у Беларусі. Яго біскупская сакра павінна была адбыцца 21 сакавіка 2020 года ў базыліцы святога Пятра, аднак яна была перанесена з прычыны пандэміі COVID-19. Біскупскае пасвячэнне адбылося ў касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у харвацкім Соліне. Яго ўдзяліў 16 верасня 2020 года Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы, кардынал П’етра Паралін.