Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: быць міратворцамі ў свеце, ахінутым цемрай

Умець бачыць дзейнасць Бога таксама пасярод шматлікіх цяжкасцей і разбурэнняў сучаснасці, як гэта рабілі Марыя і Альжбета, які верылі і спадзяваліся, перш чым убачылі спаўненне Божых абяцанняў, - заклікаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 31 мая 2024 года Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле Заграба ў Харватыі. Нагодай стала свята Маці Божай Каменнай брамы, нябеснай апякункі сталіцы гэтай балканскай дзяржавы.

Ватыканскі дыпламат нагадаў у гаміліі, што абраз Маці Божай, які асаблівым чынам ушаноўваюць харвацкія вернікі, цудам ацалеў падчас моцнага гарадскога пажару і таму стаў крыніцай надзеі для мясцовых жыхароў. “Сёння ў свеце няма недахопу ў сцэнах трагічных разбурэнняў, выкліканых не толькі прыроднымі катаклізмамі, але чалавечай безразважнасцю, якую Папа Францішак ужо даўно называе “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной”, што перарастае ў “сапраўдны глабальны канфлікт”, - сказаў ён, заклікаючы таксама скіроўваць позірк на Багародзіцу ў пошуку надзеі.

Арцыбіскуп Галахер спаслаўся на евангельскае літургічнае чытанне пра сустрэчу двух маці – Марыі і Альжбеты. Ён пажадаў, каб Маці Божая Каменнай брамы ахоўвала ўсіх жанчын, якія носяць у сваім улонні новае жыццё, нават калі яно прыйшло нечакана, і каб былі здольнымі бачыць у ім Божы дар. Так не заўсёды адбываецца ў нашых грамадствах, але вернікі павінны заўсёды падтрымліваць і абараняць жыццё, - дадаў іерарх.

Папскі прадстаўнік нагадаў, што пасля Звеставання Панна Марыя паспяшыла да Альжбеты, каб дапамагаць ёй, стаўшы правобразам “Касцёла, які вырушае ў дарогу”.

“Няхай яна будзе прыкладам для нас. Няхай Пан дасць нам сілы, каб узняцца, пайсці, вырушыць на сустрэчу тым, хто пакутуе, што церпіць ад наступстваў неспрыяльнага лёсу ці чалавечай злосці. Давайце ўздымемся, паспяшым! Мы не можам стаяць са складзенымі рукамі. Ёсць неадкладная патрэба суцяшаць абцяжараных, падтрымліваць роспачных, быць міратворцамі”, - сцвердзіў арцыбіскуп.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што логіка Пасхі прысутнічае ў згодзе Марыі прыняць удзел у Божай справе збаўлення, а таксама ў перамяненні смутку Альжбеты ў радасць, звязаную з зачаццем і нараджэннем дзіцяці. “Калі мы становімся здольнымі адмовіцца ад уласных задум, каб даверыцца волі Стварыцеля, радаснай, або смутнай – гэта пасхальная таямніца дзейнічае ў нас і праяўляе ўсю сваю моц”, - падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп Галахер заўважыў, што Панна Марыя і святая Альжбета славілі Бога перш чым убачылі спаўненне Божых абяцанняў. Гэта заклік да нас, “бачыць дзейнасць Бога, ужо прысутную ў свеце, хоць яшчэ ў эмбрыянальным стане”, - сказаў іерарх, звяртаючы ўвагу на шматлікія праявы салідарнасці перад абліччам трагедый і чалавечай жорсткасці.

“Давайце будзем глядзець не толькі на бомбы, якія падаюць і нясуць разбурэнні. Пан, як захаваў Маці Божую Каменнай брамы, заўсёды збаўляе дабро, маленькі статак, які часам становіцца вялікім, як войска людзей, што рызыкуюць жыццём, каб суцяшаць боль ахвяр і прадухіляць новыя трагедыі”, - запэўніў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Ён заклікаў харвацкіх вернікаў станавіцца сведкамі надзеі і ўваскрасення, праслаўляць Бога жыццём, быць маякамі святла і будаўнікамі міру ў свеце, ахутаным глыбокай цемрай”.
 

01 чэрвеня 2024, 10:11