Інстытут рэлігійных спраў: фінансавая справаздача за 2023 год
Марыя Валодзіна – Vatican News
14 чэрвеня 2024 года Інстытут рэлігійных спраў (IOR) абнародаваў фінансавую справаздачу за 2023 год. Дакумент быў падрыхтаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі бухгалтарскага ўліку і атрымаў станоўчае заключэнне аўдытарскай кампаніі Mazars Italia. 30 красавіка 2024 года ён быў аднагалосна прыняты Назіральнай Радай і перададзены на разгляд у Камісію кардыналаў.
Згодна са справаздачай, у 2023 годзе IOR атрымаў чысты прыбытак у памеры 30,6 мільёна еўра. Улічваючы высокія фінансавыя паказчыкі, Камісія кардыналаў прыняла рашэнне выдзеліць 13,6 мільёна еўра на рэлігійныя і дабрачынныя мэты.
Інстытут па-ранейшаму строга прытрымліваецца прынцыпаў кіравання актывамі, якія адпавядаюць каталіцкай веры (Faith Consistent Investment). Ён з'яўляецца эталонам у галіне этычных інвестыцый. Высокі каэфіцыент ліквіднасці і іншыя фінансавыя паказчыкі робяць IOR адным з наймацнейшых фінансавых інстытутаў у свеце з пункту гледжання капіталу і ліквіднасці, гаворыцца ў паведамленні.