Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: Папа – той, хто абвяшчае беспамылковасць Касцёла

“Папа не мае іншай беспамылковасці, акрамя веры Касцёла”, – адзначыў кардынал Курт Кох падчас прэзентацыі ў Ватыкане дакумента Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству “Біскуп Рыма. Першынства і сінадальнасць у экуменічных дыялогах і адказах на энцыкліку Ut unum sint”.

Ян Глінскі

“Усе гавораць пра беспамылковасць Папы, а на Другім Ватыканскім Саборы гаварылася пра беспамылковасць Касцёла”, - удакладніў швейцарскі іерарх, дадаўшы, што Папа з’яўляецца тым, “хто можа інтэрпрэтаваць і абвяшчаць беспамылковасць Касцёла”.

Як нагадаў кардынал Кох, перад абвяшчэннем дагматаў пра Беззаганнае Зачацце (1854) і Унебаўзяцце Маці Божай (1950) Папа Пій XI і Пій XII “запыталі пра гэта ва ўсіх біскупаў свету”. Адначасова іерарх указаў на неабходнасць працягваць экуменічны дыялог на тэму беспамылковасці Папы, каб спасцігнуць яе “аўтэнтычную інтэрпрэтацыю”.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што “пятровае служэнне Біскупа Рыма непарыўна звязана з сінадальнай дынамікай”. У прэзентаваным дакуменце, апублікаваным 13 чэрвеня 2024 года, апісваюцца наступныя этапы тэалагічнага дыялогу. Між іншым, прапануецца “садзейнічаць успрыманню вынікаў дыялогу на ўсіх узроўнях, а таксама спалучаць дыялог лакальны з міжнародным, афіцыйны з неафіцыйным, двухбаковы са шматбаковым, усходні з заходнім – дзеля ўзаемнага ўзбагачэння”. Кардынал Кох заахвоціў да супольнага вывучэння першынства і сінадальнасці, “якія не з’яўляюцца двума канкуруючымі касцёльнымі вымярэннямі, але хутчэй дзвюма ўзаемна канстытутыўнымі рэальнасцямі”.

Па словах кардынала, у апублікаваным дакуменце прапануецца “афіцыйны каментар да Першага Ватыканскага Сабору, больш выразныя адрозненні паміж рознымі абавязкамі Папы, умацаванне сінадальнасці Каталіцкага Касцёла ad intra і ad extra”, што асабліва важна перад святкаваннем 1700 гадавіны Нікейскага Сабору – першага экуменічнага сабору.

На немагчымасць “казаць аб першынстве і калегіяльнасці, не звязваючы іх з сінадальнасцю”, указаў таксама генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Марыё Грэк. Па яго словах, праз даданне ў “Дагматычную канстытуцыю аб Касцёле” раздзела пра Божы народ Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што “сінадальны працэс базуецца на адносінах паміж народам Божым, калегіяй біскупаў і біскупам Рыма, і гарманічна спалучае сінадальнасць, калегіяльнасць, прымат”.
 

14 чэрвеня 2024, 09:22