Арцыбіскуп Вінчэнца Палья Арцыбіскуп Вінчэнца Палья 

Арцыбіскуп Палья: абараніць жыццё чалавека ад культуры адчужэння

Жыццё чалавека крохкае заўсёды. Трэба нястомна бараніць яго ад культуры адчужэння, - падкрэсліў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця,

Аляксандр Панчанка – Vatican News

14 чэрвеня 2024 года ватыканскі іерарх прыняў удзел у рымскай прэзентацыі кнігі Жэром Лежон – свабода навукоўцы (Jérôme Lejeune – la libertà dello scienziato), напісанай Од Дзюгаст, пастулятарам кананізацыйнага працэсу выбітнага французскага ўрача-педыятра, генетыка, першага старшыні Папскай акадэміі жыцця.

Арцыбіскуп Палья асаблівым чынам падкрэсліў актуальнасць даследаванняў і вучэння Жэрома Лежона, сэнс якіх красамоўна перадаюць яго словы: “Якасць цывілізацыі вымяраецца павагай, якую яна праяўляе да сваіх самых слабых членаў”.

Іерарх падкрэсліў, што Лежон, першаадкрывальнік прычыны ўзнікнення сіндрома Даўна, быў прадвеснікам новага шляху ў жыцці Касцёла, распачатага святым Янам Паўлам і пазначанага асаблівай увагай да абароны і падтрымкі чалавечага жыцця. Ён быў піянерам ў справе абароны чалавечай годнасці, імкнуўся супрацьстаяць “культуры адчужэння” і паставіў свае навуковыя даследаванні на службу самым слабым і ўразлівым.

Пасля заснавання Папскай акадэміі жыцця, Ян Павел ІІ прызначыў яе першым старшынёй Жэрома Лежона, але праз два месяцы пасля намінацыі, 3 красавіка 1994 года, навуковец памёр. Ён меў вялікі досвед супрацоўніцтва са Святым Пасадам: з 1974 года быў членам Папскай акадэміі навук, а з 1986 года – Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Яго беатыфікацыйны працэс пачаўся ў 2007 годзе. У 2021 годзе Папа Францішак ухваліў абнародаванне дэкрэта аб прызнанні гераічнасці цнот гэтага навукоўцы.
 

15 чэрвеня 2024, 10:20