Пошук

Кардынал Паралін звяртаецца да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай Фондам Centesimus Annus Кардынал Паралін звяртаецца да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай Фондам Centesimus Annus  (Vatican Media)

Паралін: тэхналогіі павінны служыць годнасці чалавека

Пра важнасць базавай пісьменнасці ў галіне штучнага інтэлекту казаў Кардынал-Дзяржсакратар у сваім звароце да ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі па штучным інтэлекце, якая 20-22 чэрвеня 2024 года прайшла ў Папскім патрыстычным інстытуце Augustinianum ў Рыме.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Форум, прысвечаны тэме Штучны інтэлект і тэхнакратычная парадыгма: як спрыяць дабрыбыту чалавецтва, клопату пра прыроду і мірнаму свету? быў арганізаваны фондам Centesimus Annus Pro Pontifice. 21 чэрвеня 2024 года яго ўдзельнікаў прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Францішак.

У сваім звароце да ўдзельнікаў аўдыенцыі кардынал П'етра Паралін падкрэсліў неабходнасць захавання ўнікальнасці і годнасці чалавека ў час тэхналагічных пераўтварэнняў. Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць базавай пісьменнасці ў галіне штучнага інтэлекту (ШІ), якая б улічвала тэхналагічны прагрэс і “паляпшала ўмовы жыцця чалавецтва”. Ён адзначыў, што машыны павінны заставацца “засяроджанымі на чалавеку і абароне яго правоў”, каб “прадухіліць звядзенне чалавека да набору даных”.

Кардынал Паралін адзначыў, што ў параўнанні з мінулымі тэхналагічнымі інавацыямі, такімі як вынаходніцтва друку, паравой машыны, аўтамабіля, якія служылі пераўтварэнню фізічнага свету, новыя камп'ютэрныя тэхналогіі апрацоўваюць нематэрыяльную рэальнасць “і, такім чынам, аказваюць значны ўплыў на развіццё чалавечага інтэлекту". Іерарх падкрэсліў, што неабходна пільна сачыць за тым, каб не паддавацца логіцы прагматызму і праграмавання, а “накіроўваць тэхналагічную рэвалюцыю справядлівым і сацыяльным чынам”.

Кардынал Паралін разгледзеў розныя тыпы ШІ, такія як прагназіраванне, калі машына прагназуе на аснове атрыманых раней уваходных даных. Гэта адбываецца, напрыклад, у такіх галінах, як “фондавая рынкі, медыцынская дыягностыка, прагназіраванне паводзінаў спажыўцоў”. Ён папярэдзіў аб абмежаваннях такіх прагнозаў: машына, абапіраючыся на мінулыя мадэлі, не ўлічвае “нечаканую кан'юнктуру падзей". Патэнцыйный небяспекай з’яўляецца таксама аўтаматызацыя прыняцця рашэнняў, якая зніжае ўцягнутасць людзей і “абцяжарвае вызначэнне таго, на каго будзе ўскладзена адказнасць за любую шкоду”. Дыстанцыйнае кіраванне ваенным узбраеннем без належных мер засцярогі таксама ўяўляе сабой небяспеку, папярэдзіў Дзяржсакратар. Ён распавёў і пра плюсы ШІ, такія як “аптымізацыя ўраджайнасці” ў сельскай гаспадарцы і дасягненні ў галіне медыцыны і фармацэўтыкі.

У заключэнне кардынал Паралін заклікаў разглядаць ШІ “не як пагрозу, а як саюзніка чалавецтва”, настойваючы на тым, што тэхналагічны прагрэс павінен паважаць чалавечую годнасць і братэрства, а не выкарыстоўвацца для дабрабыту нямногіх людзей за кошт многіх.

23 чэрвеня 2024, 09:03