Пераасэнсаваць першынства Біскупа Рыма ў экуменічным значэнні
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Ян Глінскі
Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду пракаментаваў новы дакумент Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству – “Біскуп Рыма. Першынства і сінадальнасць у экуменічных дыялогах і адказах на энцыкліку Ut unum sint”, які быў абнародаваны 13 чэрвеня 2024 года.
Тарніелі нагадаў, што гісторыя хрысціянства, гэта “супольны шлях, стагоддзі адзінства, а таксама схізмы, узаемныя экскамунікі, падзелы і барацьбу, выкліканыя больш палітыкай, чым тэалагічнымі адметнасцямі”. Па яго словах, “нягледзячы на старыя і новыя крызісы, экуменічнае падарожжа” працягваецца і “адзначаецца прагрэсам”.
Дакумент Біскуп Рыма паказвае, што гатоўнасць і адкрытасць да дыскусіі на тэму папскага першынства, якую выказаў у 1995 годзе святы Ян Павел ІІ, не засталася толькі на паперы. “Дыялог працягвае развівацца, а сінадальны шлях, якім Каталіцкі Касцёл крочыць на ўсіх узроўнях, з’яўляецца яго часткай. Католікі нанова адкрываюць і паглыбляюць значэнне сінадальнасці як канкрэтнай формы жывой камуніі ў Касцёле”, - адзначыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
Тарніелі звярнуў увагу на тое, што “роля Біскупа Рыма і яго першынства ўжо не ўспрымаюцца іншымі хрысціянамі як перашкода або праблема на экуменічным шляху: сінадальнасць насамрэч заўсёды прадугледжвае прысутнасць protos – прымату”.
“Відавочна, першынства святога Пятра, якое рэалізоўвалася Папамі ў другім тысячагоддзі, і было абвешчана, у прыватнасці, Першым Ватыканскім Саборам, застаецца непрымальным для іншых Цэркваў. Аднак, таксама ў гэтым пытанні дакумент Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ўказвае на важны прагрэс: напрыклад у рамках экуменічнага дыялогу прапанавана адрозніваць папскае першынства, якое мае юрысдыкцыю над Лацінскім Касцёлам (ці Заходнім Касцёлам, як любяць называць яго Усходнія Цэрквы), ад першынства ў любові Рымскага Касцёла, “першапрастольнага”: першынства “дыяканіі”, гэта значыць служэння, а не ўлады; першынства адзінства, якое рэалізуецца ў сінадальнасці з мэтай пошуку кансэнсусу ўсіх біскупаў”, - напісаў ён.
“Такім чынам існуе форма першынства, якая з’яўляецца, і прынамсі можа быць прынята іншымі Цэрквамі. Гэта тое, што Экуменічны Канстанцінопальскі Патрыярх апісаў некалькі гадоў таму як першынства, што ажыццяўляецца ў пакоры і міласэрнасці, а не як спосаб навязвання рэшце калегіі біскупаў”, як “сапраўднае адлюстраванне ўкрыжаванай любові Пана, а не ў значэнні зямной улады”. Гэта канкрэтны спосаб рэалізацыі мары, сфармуляванай Папам Янам Паўлам ІІ амаль трыццаць гадоў таму”, - заключыў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.