Папа Францішак і Паола Руфіні. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Паола Руфіні. Ілюстрацыйнае фота 

Руфіні работнікам каталіцкіх СМІ: будаваць адзінства і несці надзею

Каталіцкія СМІ пакліканы будаваць адзінства і несці надзею, прапануючы паглядзець на падзеі з евангельскай перспектывы, нагадаў амерыканскім каталіцкім журналістам прэфект Дыкастэрыі па камуканіцыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Паола Руфіні прыняў удзел у канферэнцыі работнікаў каталіцкіх СМІ, якая прайшла 18-21 чэрвеня 2024 года ў Атланце ў ЗША. На кангрэсе сабраліся журналісты з усёй Паўночнай Амерыкі. Яны мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі тэндэнцыямі ў медыяпрасторы і наладзіць кантакты.

Даклады, якія гучалі на форуме, тычыліся такіх тэм, як выкарыстанне штучнага інтэлекту ў СМІ, спосабы пашырэння аўдыторыі праз сацыяльныя сеткі, духоўнасць работнікаў сродкаў масавай камунікацыі і праца ў краінах, ахопленых войнамі.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што толькі Святы Дух можа асвяціць сэрцы, каб інтэрпрэтаваць падзеі ў святле Евангелля і паведамляць пра іх, будуючы адзінства ў Касцёле. Ён нагадаў на распаўсюджанасць таксічнай палярызацыі ў свеце, падкрэсліваючы, што “яна пагражае не толькі караням дэмакратыі, але таксама ўплывае на наша членства ў адзіным целе Касцёла”. У сувязі з гэтым Руфіні адзначыў яднаючую сілу Эўхарыстыі, якая дапамагае сведчыць пра надзею.

“Змяніць наратыў на карысць надзеі, прызнаць дынаміку дабра, запаліць сэрцы і накіраваць іх да адзінства, быць сведкамі іншага віду камунікацыі, якая з’яўляюцца генеруючай і творчай – вось спосаб распаўсюджваць Добрую навіну і даваць хрысціянскую інтэрпрэтацыю ўсяму, што адбываецца ў свеце”, - сказаў ён, нагадваючы, што ўсё больш і больш людзей пазбягаюць навін з-за пастаяннага негатыву, звязанага з імі. Роля работнікаў каталіцкіх СМІ, на яго думку, заключаецца ў тым, каб прапанаваць іншую перспектыву і звязаць людзей з гісторыямі, якія даюць надзею.
 

24 чэрвеня 2024, 11:33