Інстытут рэлігійных спраў. Ілюстрацыйнае фота Інстытут рэлігійных спраў. Ілюстрацыйнае фота  

Святы Пасад: справаздача аб фінансавай празрыстасці за 2023 год

Святы Пасад працягвае барацьбу за фінансавую празрыстасць. 17 чэрвеня 2024 года Упраўленне па наглядзе і фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы (Autorità di Supervisione e Informazione Finanziaria – ASIF) абнародавала справаздачу за 2023 год.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Згодна з дакументам, у 2023 годзе Упраўленнем было атрымана 123 паведамленні аб падазроных аперацыях. Гэта на 5 менш чым у 2022 годзе. Большасць паведамленняў – 118 – паступіла ад Інстытута рэлігійных спраў (IOR), 4 – ад органаў улады Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан і 1 – ад некамерцыйнай арганізацыі. 11 справаздач былі перададзены ў Бюро прамотара справядлівасці.

Прыпыненне падазроных аперацый

Паведамленні аб падазронай дзейнасці, якія паступілі ва Упраўленне, прывялі да прыпынення толькі адной фінансавай аперацыі на суму 5848 еўра. Для параўнання ў 2021 годзе прэвентыўныя меры былі прыняты ў дачыненні да чатырох аперацый на суму 626 128 еўра, а ў 2022 годзе – пяці аперацый на суму 829 050 еўра.

Міжнароднае супрацоўніцтва

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва Упраўленне накіравала 22 запыты на інфармацыю сваім партнёрам, ад якіх атрымала 10 такіх паведамленняў. Колькасць мемарандумаў аб узаемаразуменні, падпісаных з органамі фінансавага нагляду розных краін за год павялічылася з 67 да 76. У 2023 годзе такія дамовы былі заключаны з дзевяццю краінамі: Алжырам, Азербайджанам, Багамскімі астравамі, Кюрасаа, Ліванам, Сенегалам, Маўрыкіем, Непалам і Замбіяй.

Перавозка наяўных сродкаў

Нарэшце, што тычыцца дэкларацый аб трансгранічнай перавозцы наяўных сродкаў, у 2023 годзе Упраўленне зарэгістравала 165 уязных дэкларацыі на агульную суму 15 462 762 еўра, і 361 выязных дэкларацый (на суму 5 201 311 еўра).

Адпаведнасць міжнародным стандартам

Упраўленне працягвае дасягаць мэт, якія былі пастаўлены перад ім у 2010 годзе Бэнэдыктам XVI: высакаякасныя дзеянні па прадухіленні і барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, а таксама па забеспячэнні фінансавай празрыстасці. Дасягнутыя станоўчыя вынікі сведчаць аб умацаванні адпаведнасці Ватыкана лепшым міжнародным стандартам, гаворыцца ў справаздачы.
 

17 чэрвеня 2024, 12:43