Статуя святога Пятра перад ватыканскай базілікай Статуя святога Пятра перад ватыканскай базілікай 

У Ватыкане абнародаваны дакумент аб ролі Біскупа Рыма

13 чэрвеня 2024 года ў Ватыкане быў апублікаваны дакумент Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству “Біскуп Рыма. Першынства і сінадальнасць у экуменічных дыялогах і адказах на энцыкліку Ut unum sint”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент абагульняе вынікі экуменічнага дыялогу аб ролі Папы і ажыццяўленні першынства святога Пятра. Ён пачаўся каля трыццаці гадоў таму ў адказ на заклік Яна Паўла ІІ знайсці такую форму ажыццяўлення першынства Біскупа Рыма, якую б падзялялі іншыя Цэрквы.

У дакуменце адзначаецца, што не з усімі бакамі тэалагічнага дыялогу “тэма разглядалася на адным узроўні і з аднолькавай глыбінёй”, але, тым не менш, можна адзначыць некаторыя “новыя падыходы” да найбольш спрэчных тэалагічных пытанняў.

Сярод спрэчных пытанняў згадваецца каталіцкае разуменне першынства Біскупа Рыма, як інстытута, устаноўленага Богам, у той час як большасць іншых хрысціян разумее яго толькі як інстытут, устаноўлены людзьмі. “Герменеўтычныя ўдакладненні дапамаглі прадставіць гэту традыцыйную дыхатамію ў новай перспектыве”, разглядаючы першынства Біскупа Рыма як інстытут, які адносіцца і да боскага, і да чалавечага права, гэта значыць “як частку Божай волі для Касцёла, апасродкаванай чалавечай гісторыяй”.

Іншая сур’ёзная перашкода для ўзаемаразумення тычыцца дагматычных вызначэнняў Першага Ватыканскага Сабора. У рамках дыялогу быў дасягнуты “шматабяцаючы прагрэс” у “новым прачытанні” гэтага Сабора, што дазволіла акрэсліць межы ажыццяўлення першынства Біскупа Рыма, удакладніць “фармулёўку догмату аб беспамылковасці і нават прыйсці да згоды адносна некаторых аспектаў яго мэты”. Нягледзячы на гэтыя ўдакладненні застаецца праблема, якая тычыцца “адносін паміж беспамылковасцю і першынствам Евангелля, бязгрэшнасцю ўсяго Касцёла, ажыццяўленнем біскупскай сінадальнасці і неабходнасцю прыняцця”.

У дакуменце адзначаецца, што ў тэалагічным дыялогу з многімі канфесіямі прызнаецца “неабходнасць першынства на паўсюдным узроўні”. Спасылаючыся на апостальскую традыцыю, сцвярджаецца, што ад самага ўзнікнення Касцёла, хрысціянства было заснавана на апостальскіх пасадах, сярод якіх Рымскі пасад быў першым”.

У некаторых дыскусіях было падкрэслена таксама існаванне “ўзаемазалежнасці паміж прыматам і сінадальнасцю на кожным узроўні Касцёла”. Было прапанавана па новаму інтэрпрэтаваць вучэнне Першага Ватыканскага Сабора і правесці больш выразнае адрозненне паміж рознымі абавязкамі Біскупа Рыма, “асабліва паміж яго патрыяршым служэннем у Касцёле на Захадзе і яго першасным служэннем еднасці ў адзінстве Цэркваў”. Асаблівы акцэнт павінен быць зроблены на ажыццяўленні служэння Папы ў яго партыкулярным Касцёле – у Рымскай дыяцэзіі, а таксама на развіцці сінадальнасці ў Каталіцкім Касцёле.

У ходзе міжканфесійнага дыялогу былі названы некаторыя прынцыпы, якія могуць быць выкарыстаны для ажыццяўлення прымата Біскупа Рыма ў XXI стагоддзі: “Першае, у чым была дасягнута агульная згода – гэта ўзаемная залежнасць паміж першынствам і сінадальнасцю на кожным узроўні Касцёла і неабходнасць сінадальнага ажыццяўленні першынства, якая вынікае з гэтага”. Яшчэ адзін аспект, па якім была дасягнута згода – гэта суадносіны паміж абшчынным вымярэннем, заснаваным на sensus fidei усіх ахрышчаных, калегіяльным вымярэннем, выяўленым перш за ўсё ў біскупскай калегіяльнасці, і асабістым вымярэннем, выяўленым функцыяй першынства. Прагучаў таксама заклік да дэцэнтралізацыі, натхнёнай мадэллю старажытных патрыярхатаў. Была падкрэслена важнасць прынцыпу субсідыярнасці: “Ніводнае пытанне, якое можа належным чынам вырашацца на ніжэйшым узроўні, не павінна быць перададзена на больш высокі ўзровень”.
 

13 чэрвеня 2024, 12:27