Пошук

Вярхоўны суд Вялікабрытаніі Вярхоўны суд Вялікабрытаніі 

Арцыбіскуп Пэнья Пара: Святы Пасад стаў ахвярай махлярства

У рамках грамадзянскага працэсу па справе аб лонданскай нерухомасці арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара абверг усе высновы адваката, які абараняе Рафаэле Мінчонэ, заявіўшы, што Святы Пасад стаў "ахвярай сур'ёзнага махлярства”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту тройчы паўтарыў гэта ў Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі. Ён выступіў там у якасці сведкі.

Слуханне характарызавалася атмасферай напружанасці, асабліва з адвакатам Чарльзам Самекам, абаронцам фінансіста Рафаэле Мінчонэ, які імкнецца даказаць сваю "добрасумленнасць" у здзелках з Дзяржаўным сакратарыятам. Мінчонэ быў асуджаны ў першай інстанцыі ў снежні 2023 года.

Адвакат Самек пералічыў 20 высноў, якія супярэчаць пазіцыі Святога Пасада. Арцыбіскуп Пэнья Пара рашуча адхіліў іх: "Я не прымаю ніводнай з вашых высноў". У адной з іх гаворка ішла аб тым, што ў інфармацыйнай запісцы пра лонданскую здзелку ён быццам бы даў Францішку частковую і непаслядоўную інфармацыю.

Тлумачэнні адносна гэтай інфармацыйнай запісцы даў абаронца Дзяржаўнага сакратарыята, адвакат Самар Абас Казмі. 2 мая 2019 года арцыбіскуп Пэнья Пара, які за 7 месяцаў да гэтага заняў пасаду Субстытута па агульных пытаннях, паведаміў Францішку аб лонданскай справе. У запісцы гаварылася таксама і пра пытанне аплаты паслуг брокера Джанлуіджы Торцы, задакументаванай рахункамі-фактурамі. На самой справе Торцы не аказваў гэтых паслуг. Па словах арцыбіскупа Пэнья Пары, Торцы аказваў ціск, пагражаючы перапрадаць будынак. Ён дзейнічаў аўтаномна і “без дазволу”, асноўваючыся на пагадненні, падпісаным у яго лонданскім офісе ў лістападзе 2018 года ксяндзом Альбертам Перласкам і ратыфікаваным арцыбіскупам Пэнья Парай пасля хлуслівых запэўненняў, атрыманых ад адваката Ніколы Сквілачэ (асуджанага ў судзе першай інстанцыі).

Адвакат Самек сцвердзіў, што з Торцы было заключана пагадненне і што Святы Пасад заплаціў празмерную суму, каб спыніць кантрактныя адносіны з брокерам. Ён спрабаваў даказаць, што паміж Рафаэле Мінчонэ і Джанлуіджы Торцы не было змовы, на што арцыбіскуп Пэнья Пары запярэчыў, што жонка Мінчонэ працягвала карыстацца офісам у будынку, які ўжо перайшоў у кіраванне Торцы, не плацячы арэнднай платы, што сведчыць пра сувязь паміж імі.

На слуханні была прааналізавана размова ў чаце паміж Торцы і ксяндзом Маўра Карліна, былым супрацоўнікам Дзяржсакратарыята, прызнаным невінаватым ватыканскім судом. На думку адваката Самека, чат даказвае саўдзел у складанні падробленых рахункаў-фактур. Арцыбіскуп Пэнья Пара адхіліў абвінавачванні, заявіўшы, што чат з'яўляецца відавочнай дэманстрацыяй таго, што ватыканскія суддзі назвалі "вымагальніцтвам" брокера.

Ён падкрэсліў, што рахункі Торцы не былі прынятыя Святым Пасадам і што выплата 5 мільёнаў Credit Suisse была “поўным і канчатковым” урэгуляваннем усіх кантрактных абавязацельстваў.

На пытанне пра 200 мільёнаў, выплачаных у 2014 годзе Sicav, кампаніі Мінчонэ ў Люксембургу, арцыбіскуп Пэнья Пара адказаў лаканічна: "Мяне не было ў Ватыкане, я вёў шчаслівае жыццё ў Мазамбіку".

Разгляд справы ў Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі працягнецца да 18 ліпеня 2024 года.

09 ліпеня 2024, 11:11