Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння  

Арцыбіскуп Вігано адлучаны ад Касцёла за схізму

Дыкастэрыя веравучэння апублікавала паведамленне аб адлучэнні "latae sententiae" былога нунцыя ў ЗША, які не прызнае легітымнасць Папы і не прымае вучэнне Другога Ватыканскага Сабора.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Карла Марыя Вігано, былы Апостальскі нунцый у Злучаных Штатах Амерыкі, пакараны адлучэннем ад Касцёла за адмову падтрымліваць камунію з Біскупам Рыма і Каталіцкім Касцёлам.

Аб гэтым гаворыцца ў камюніке, якое 4 ліпеня 2024 года распаўсюдзіла Дыкастэрыя веравучэння. У ім адзначаецца, што "Кангрэс Дыкастэрыі веравучэння сабраўся, каб правесці пазасудовы крымінальны працэс у адпаведнасці з кан. 1720 ККП супраць мансіньёра Карла Марыі Вігано, тытулярнага арцыбіскупа Ульпіяны, абвінавачанага ў злачынстве схізмы” (каноны 751 і 1364 ККП; арт. 2 SST)".

"Добра вядомыя яго публічныя заявы, з якіх вынікае яго адмова прызнаваць і падпарадкоўвацца Пантыфіку, адмова ад камуніі з падпарадкаванымі яму членамі Касцёла, а таксама непрызнанне легітымнасці і веравучыцельскай улады Другога Ватыканскага Сабора”, гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі.

"Па выніках крымінальнага працэсу" арцыбіскуп Вігано быў прызнаны вінаватым у злачынстве схізмы. Дыкастэрыя абвясціла экскамуніку latae sententiae на падставе кан. 1364 § 1 ККП. Зняцце пакарання ў такіх выпадках адносіцца да кампетэнцыі Апостальскай Сталіцы. Рашэнне было даведзена да ведама арцыбіскупа Вігано 5 ліпеня 2024 года, - гаворыцца ў паведамленні.

Адлучэнне latae sententiae адбываецца пасля здзяйснення злачынства. Адлучанаму забараняецца цэлебраваць Святую Імшу і іншыя сакрамэнты, прымаць сакрамэнты, удзяляць сакрамэнты і цэлебраваць іншыя літургічныя цырымоніі, прымаць актыўны ўдзел у вышэйзгаданых цэлебрацыях, выконваць касцёльныя абавязкі, служэнне або функцыі; ажыццяўляць акты кіравання. Сэнс экскамунікі ў тым, каб гэта было лячэбнае пакаранне, якое заахвочвае да пакаяння і вяртання чалавека да камуніі.

05 ліпеня 2024, 15:58