Дзяржсакратар: мір немагчымы без узаемнага даверу

Кардынал П'етра Паралін прыняў удзел у традыцыйнай працэсіі Маці Божай Рачной, якая ўвечары 28 ліпеня 2024 года прайшла на рацэ Тыбр у Рыме.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Урачыстасць прысвечана Найсвяцейшай Панне Марыі з Гары Кармель і сыходзіць каранямі ў 1535 год, калі рымскія рыбакі знайшлі на беразе Тыбра кедравую статую Маці Божай. Статую прызналі цудатворнай і перадалі на захаванне кармелітам у адзін з касцёлаў рымскага раёна Трастэверэ, заступніцай якога яна лічыцца.

Кардынал Паралін благаславіў статую Маці Божай, якую затым перавезлі на лодцы да моста Гарыбальдзі, непадалёк ад вострава Тыберына. Адтуль працэсія вернікаў накіравалася традыцыйным маршрутам да базілікі Санта-Марыя-ін-Трастэверэ.

Іерарх выказаў задавальненне ў сувязі з захаваннем “прыгожых і добрых” традыцый. "Традыцыі сыходзяць каранямі ў мінулае, але яны могуць дапамагчы нам лепш жыць у сучаснасці”, - сказаў ён.

У кулуарах цырымоніі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адказаў на пытанні журналістаў пра ролю Святога Пасада ў міжнароднай дыпламатыі і прадухіленні канфліктаў. Ён нагадаў, што ватыканская дыпламатыя не мае ваенных, палітычных ці эканамічных інтарэсаў. Яна імкнецца будаваць мір на аснове “справядлівых і доўгатэрміновых рашэнняў”. Ён таксама падкрэсліў, што Святы Пасад прапануе сябе ў якасці “прасторы, дзе варожыя бакі могуць сустрэцца”, каб весці перамовы.

Што тычыцца сітуацыі ва Украіне і ў Газе, кардынал Паралін адзначыў, што "праблема ў даверы”. “Перамовы вядуць, калі існуе мінімум узаемнага даверу”, - сказаў іерарх, заклікаючы маліцца, “каб Пан натхніў тых, хто ўдзельнічае ў войнах, на здольнасць уступаць у дыялог з іншымі".

Працэсія Маці Божай Рачной у Рыме
Працэсія Маці Божай Рачной у Рыме
30 ліпеня 2024, 11:04