Фабрыка святога Пятра: прыстойнасць, працавітасць і адказнасць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Італьянскія СМІ расцанілі папскі дакумент, апублікаваны 29 чэрвеня 2024 года, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, як заклік да прыстойнасці, працавітасці і адказнасці.
Хоць Фабрыка не знаходзіцца ў структуры Рымскай курыі, яе супрацоўнікі падпарадкоўваюцца шэрагу патрабаванняў, якія выходзяць за рамкі іх прафесійнай дзейнасці. У адным з пунктаў рэгламенту гаворыцца, што персанал “абавязваецца захоўваць прынцыпы ўзорных рэлігійных і маральных паводзін, таксама ў асабістым і сямейным жыцці, у адпаведнасці з вучэннем Касцёла”.
У палажэнні сказана, што для таго, каб пачаць працаваць ва ўстанове, неабходна “вызнаваць каталіцкую веру і жыць паводле яе прынцыпаў”. Перад падпісаннем працоўнага дагавора ў патэнцыяльнага работніка папросяць пасведчанне аб хросце, канфірмацыі і, у выпадку людзей сямейных, пасведчанне аб касцёльным шлюбе. Патрабуецца пасведчанне аб стане рэлігійнай, маральнай і грамадзянскай прыхільнасці, выдадзенае парафіяльным або іншым упаўнаважаным святаром.
Асноўныя прынцыпы выканання службовых абавязкаў – ветлівасць і павага да святога месца. Менавіта з павагі да годнасці і працоўнага месца былі забаронены бачныя татуіроўкі і пірсінг. Таксама адзначаецца неабходнасць належнага догляду за службовай формай, якую нельга насіць у непрацоўны час. Выкананне абавязкаў у бруднай або неахайнай вопратцы можа пацягнуць за сабой адпаведнае пакаранне.
У правілах гаворыцца, што, апроч іншага, адхіленне ад працы або звальненне пагражае супрацоўнікам, якія дадуць трэцім асобам інфармацыю аб тым, што адбываецца ў базіліцы і на што распаўсюджваецца прынцып канфідэнцыяльнасці. Забаронена прымаць на працоўным месцы старонніх, выносіць арыгіналы і фотакопіі дакументаў, а таксама электронныя копіі і іншыя архіўныя матэрыялы без дазволу кіраўніцтва. Атрыманне і адпраўка прыватнай карэспандэнцыі, прыняцце і выкананне заказаў звонку таксама не дазволены.
Апублікаванае палажэнне дае магчымасць даведацца аб буднях прафесійнага жыцця супрацоўнікаў Фабрыкі святога Пятра. Яны працуюць 36 гадзін у тыдзень, і з улікам звышурочных гэты час не можа перавышаць 48 гадзін. У дадатак да 26 дзён водпуску ёсць выхадныя ў дзяржаўныя і касцёльныя святы. Дадатковыя дні адпачынку – гэта гадавіна абрання і Дзень нараджэння Папы, гадавіна заснавання Дзяржавы Ватыкан, тры апошнія дні Вялікага тыдня, панядзелак і аўторак пасля Вялікадня, дзень, які папярэднічае Божаму Нараджэнню, і два дні пасля яго, а таксама апошні дзень года. Гэта дадатковыя 15 выхадных у год.
Работнікі маюць права на двухтыднёвы водпуск з нагоды вяселля, тры дні водпуску з нагоды нараджэння дзіцяці і права на шэсць месяцаў поўнасцю аплачанага дэкрэтнага. Маці, якія кормяць, да двух гадоў могуць прэтэндаваць на скарачэнне дзённага працоўнага часу на дзве гадзіны. Правілы таксама прадугледжваюць выплату трынаццатай зарплаты, роўнай іх месячнаму асноўнаму заробку.
У рэгламенце, абноўленым перад Юбілеем 2025 года, падкрэсліваецца, што супрацоўнікі Фабрыкі святога Пятра маюць непасрэдны кантакт з тысячамі вернікаў і турыстаў, якія прыходзяць у ватыканскую базіліку, і таму павінны быць яе візітнай карткай. Да іх адносяцца так званыя сампетрыні (sampietrini) – людзі, якія клапоцяцца пра парадак і расстаноўку крэслаў для папскіх урачыстасцей, а таксама майстры розных спецыяльнасцей, дэкаратары, тэхнічны персанал і рэстаўратары твораў мастацтва, што працуюць ва ўстанове, карані якой сягаюць XVI стагоддзя, калі і быў пабудаваны цяперашні Сабор святога Пятра.