Пошук

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс  (REUTERS)

Фернандэс: будуць чарговыя рашэнні па звышнатуральных з'явах

У бліжэйшыя дні будуць апублікаваны новыя рашэнні па меркаваных звышнатуральных з'явах, - заявіў прэфект Дыкастэрыі веравучэння ў інтэрв'ю іспанскаму касцёльнаму выданню Alfa y Omega.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс адзначыў, што ёсць і такія справы, якія патрабуюць больш працяглай ацэнкі. Ён не ўдакладніў, аб чым ідзе гаворка.

Іерарх патлумачыў колькасць рашэнняў новымі правіламі ацэнкі меркаваных звышнатуральных з'яў, якія ўступілі ў сілу з сярэдзіны мая. “Некаторыя справы былі практычна замарожаныя, таму што чакалася пацвярджэнне іх звышнатуральнага або Боскага паходжання”, - адзначыў ён. Аднак, згодна з новымі правіламі, звышнатуральнае паходжанне феномену больш не пацвярджаецца, а толькі вызначаецца дапушчальнасць і ўмовы культу.

Прэфект яшчэ раз удакладніў крытэрыі ацэнкі. Вырашальнымі фактарамі з’яўляюцца “духоўны і душпастырскі плёны, а таксама адсутнасць крытычных элементаў, якія маглі б мець негатыўны ўплыў на народ Божы”. Што тычыцца пасланняў, то іх змест старанна вывучаецца з пункту гледжання адлюстравання Евангелля.

Нягледзячы на тое, што новыя правілы больш не прадугледжваюць пацвярджэння звышнатуральнага паходжання, Папа па-ранейшаму можа выносіць такія меркаванні. “Аднак гэта не здаецца мне неабходным, таму што даўно зразумела, што нават дэкларацыя звышнатуральнасці не абавязвае вернікаў прызнаваць такія з’явы ў якасці тых, якія маюць Боскае паходжанне”, - заявіў кардынал Фернандэс.

За апошнія тыдні Дыкастэрыя веравучэння апублікавала чатыры рашэнні адносна марыйных аб’яўленняў.
 

18 ліпеня 2024, 09:22